BE RU EN

Рассельгаснагляд працягвае вайну супраць беларускіх прадпрыемстваў

  • 15.06.2018, 18:44

Расея ўводзіць узмоцнены кантроль прадукцыі сямі прадпрыемстваў Беларусі.

Рассельгаснагляд уводзіць рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да прадукцыі сямі беларускіх прадпрыемстваў, уключаючы Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання, які вырабляе эксклюзіўныя гандлёвыя маркі для крам Х5 Retail Group, паведамляе interfax.by.

Узмоцнены кантроль уводзіцца ў сувязі з выяўленнем парушэнняў ветэрынарна-санітарных патрабаванняў Еўразійскага эканамічнага саюза і РФ, гаворыцца ва ўказанні Рассельгаснагляду. Між іншым, прадукцыя ТАА «Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання» падпаў пад рэжым узмоцненага кантролю праз выяўленне ў малаку масавай долі нітратаў і масавай долі бялку.

Акрамя таго, гэты рэжым распаўсюджваецца ў дачыненні да прадукцыі ТАА «Славінпрадукт» (выяўленне бактэрый групы кішэчнай палачкі і антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы ў ялавічыне), ААТ АФПК «Жлобінскі мясакамбінат» (выяўленне антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы ў ялавічыне), ААТ «1-я Менская птушкафабрыка» (выяўленне патагенных бактэрый у мясе птушкі), ТАА «ЭкспаАльфаГруп» (выяўленне антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы ў ялавічыне), ААТ «Гомельскі бялкова-тлушчавы завод» (выяўленне энтарапатагенных тыпаў кішэчных палачак у мясакоснай муцэ) і КП УП «Фарэлевая гаспадарка «Лохва» (выяўленне бактэрый групы listeria monocytogenes у рыбе).

«Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання» - партнёр найбуйнейшага ў Расеі рытэйлера Х5 Retail Group (сеткі «Пяцёрачка», «Скрыжаванне», «Карусель»). Завод з канца 2016 года вырабляе для Х5 малочную прадукцыю пад брэндам «Сарафанава», які знаходзіцца ў сумесным валоданні кампаній. Летась партнёрства было пашыранае - прадпрыемства пачало выпускаць для рытэйлера прадукцыю пад брэндам «Вярхоўе».

З 9 сакавіка Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі ў Расею прадукцыі з ТАА «Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання» праз паўторнае выяўленне сухога малака ў пітным ультрапастэрызаваным малаку. Гендырэктар прадпрыемства Міхаіл Дзеравянка тады казаў, што завод не выкарыстоўвае сухое малако пры вытворчасці ўльтрапастэрызаванага малака: тэхналогіі, якія прымяняюцца на прадпрыемстве, цалкам выключаюць такую магчымасць.

Пасля інспекцыі прадпрыемства з 17 красавіка забарона на пастаўкі была знятая.

Страты за пяць тыдняў адсутнасці паставак ацэньваюцца прыкладна ў 70 млн рублёў, казаў Дзеравянка журналістам.

Х5 - найбуйнейшы кліент «Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання». Цяпер прадпрыемства задзейнічае блізу 30% магутнасцяў (перапрацоўка 150 тон малака ў дзень). У планах - выйсці на поўную загрузку на працягу трох-чатырох гадоў (блізу 500 тон у дзень). Інвестыцыі ў завод склалі больш за 6 млрд рублёў. Чыстая выручка кампаніі за 2017 год - 870 млн рублёў. План на 2018 год складае 2,7 млрд рублёў, казаў гендырэктар прадпрыемства.

Паводле звестак аналітычнай сістэмы «СПАРК-Интерфакс», 70% доляй у ТАА «Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання» валодае кампанія Nomopoli Limited, 30% - у былога топ-мэнэджара кампаніі «Юнімілк» (паглынутая Danone) Аляксандра Караніка.

Апошнія навіны