BE RU EN

Прэм'ерам Грузіі можа стаць Мамука Бахтадзе

  • 14.06.2018, 18:20

Парламенцкая большасць Грузіі вылучыла міністра фінансаў на пасаду прэм'ера.

Парламенцкая большасць Грузіі вылучыла міністра фінансаў Мамука Бахтадзе на пасаду прэм'ер-міністра, паведамляе «Грузия онлайн».

«Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, парламенцкая большасць прыняла рашэнне вылучыць Мамука Бахтадзе кандыдатам на пасаду прэм'ер-міністра Грузіі. Каманда аднагалосна падтрымала яго кандыдатуру. Упэўнены, што пад кіраўніцтвам Мамука Бахтадзе ўрад Грузіі паспяхова забяспечыць рух краіны наперад», - адзначыў лідар большасці Арчыл Талаквадзе.

Бахтадзе займае пасаду міністра фінансаў з лістапада 2017 года. З 2013-га да 2017 года ён быў гендырэктарам АТ «Грузінская чыгунка», а да гэтага кіраваў «Міжнароднай энэргетычнай карпарацыяй Грузіі».

Паводле працэдуры, большасць прадставіць кандыдатуру новага кіраўніка ўраду, а ён накіруе яе на зацвярджэнне ў парламент. Пасля гэтага новы прэм'ер-міністр прадставіць парламенту новых сябраў урада.

13 чэрвеня прэм'ер-міністр Грузіі Георгій Квірыкашвілі сышоў у адстаўку. Ён патлумачыў, што зрабіў гэта праз разыходжанні з кіруючай партыяй «Грузінская мара».

Адстаўка Квірыкашвілі адбылася на фоне пратэстаў у Грузіі, якія пачаліся ў канцы траўня пасля абвяшчэння пастановы суда паводле справы аб забойстве двух падлеткаў у Тбілісі ў снежні 2017 года. Давід Саралідзе і Леван Дадунашвілі памерлі ад нажавых раненняў, якія ім нанеслі аднагодкі падчас масавай бойкі. Аднаго з абвінавачаных прызналі вінаватым у забойстве Дадунашвілі, але апраўдалі паводле справы аб забойстве Саралідзе. У дачыненні да другога падлетка абвінавачванне перакваліфікавалі - з наўмыснага забойства на спробу наўмыснага забойства Саралідзе.

31 траўня праз пратэсты галоўны пракурор Грузіі Іраклій Шатадзе падаў у адстаўку. Пасля гэтага пратэстанты запатрабавалі адстаўкі Квірыкашвілі. Ён адмаўляўся рабіць гэта.

Апошнія навіны