Вядоўца БТ: Рэстаран ёсць нават насупраць Аўшвіца, гэта нармальная практыка
- 14.06.2018, 12:53
Муж з жонкай, якія збілі машынай актывістаў, патлумачылі, чаму прыехалі вячэраць у Курапаты.
Скандальная гісторыя з удзелам тэлевядоўцы Стэлы Чырковай і ейнага мужа-бізнэсмэна Івана Ермакова адбылася 13 чэрвеня. Ермакоў наехаў на аўто на двух актывістаў-удзельнікаў акцыі ў абарону Курапатаў, якія пікетуюць рэстаран «Поедем поедим». Актывісты атрымалі лёгкія траўмы.
Кіроўца Іван Ермакоў заявіў, што яны нібыта «самі кінуліся на капот».
ДАІ склалі пратаколы: на Ермакова – за парушэнне правілаў дарожнага руху, а таксама на пяцярых абаронцаў Курапатаў – за выхад на праезную частку.
У той жа вечар Стэла Чыркова і ейны муж апынуліся ў цэнтры ўвагі ў «Фэйсбуку», піша «Салідарнасць».
Адзначым, што абодва пасты тэлевядоўцы, якія тычацца канфлікту з абаронцамі Курапатаў, на раніцу 14 чэрвеня выдаленыя. Першы пост быў выдалены «Фэйсбукам» – пасля скаргі карыстальнікаў. Другі магла выдаліць сама Чыркова: на мужа і жонку абрынуўся шквал негатыўных каментароў, аўтары некаторых прапаноўвалі тэлевядоўцы і яе мужу-бізнэсмэну з'язджаць у Расею (сям'я пераехала ў Беларусь з Расеі ў 2009 годзе).
Галоўнае пытанне, якое хвалявала многіх: навошта сужэнцы паехалі ў рэстаран на костках?
Журналістка Вольга Быкоўская задала Стэле Чырковай прамое пытанне: «Вы ехалі туды, як я разумею, ведаючы ўсе акалічнасці справы і каб нешта прадэманстраваць? А калі так, то гэта агульнае стаўленне да месцаў пахавання сталінскіх рэпрэсіяў? Ці толькі ў Беларусі? Умоўна кажучы, у Салаўкі пайшлі б у рэстарацыю пад'есці?»
Гэтае пытанне вядоўца праграмы Белтэлерадыёкампаніі «Ды@блог пра літаратуру» перакладала праз гугл.
Муж Чырковай, у сваю чаргу, публічна выказаў сумненне наконт колькасці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, расстраляных у Курапатах: «Якімі баранамі бездапаможнымі трэба меркаваць сваіх продкаў, калі іх можна было сотнямі тысячаў расстрэльваць?»
Бізнэсмэн упэўнены, што «там хутчэй дыназаўраў адкапалі, чым 200 000 беларусаў».
Пасля канфлікту каля рэстарана ў Курапатах Белтэлерадыёкампанія заявіла, што Стэла Чыркова не з'яўляецца дзейнай вядоўцай «Беларусь-3».
Прэс-сакратар БТ Святлана Смалонская ў каментары «Нашай Ніве» патлумачыла, што Чыркова нядоўгі час была пазаштатнай супрацоўніцай і працавала праз дамову.
«У цяперашні час Чыркова не з'яўляецца нават пазаштатным супрацоўнікам, а праграма “Ды@блог пра літаратуру” не выходзіць на каналах холдынгу з сакавіка 2017 года», гаворыцца ў паведамленні прэс-службы БТ.