BE RU EN

Пракурор патрабуе чатыры гады турмы для міліцыянта, які зламаў нагу вяскоўцу

  • 13.06.2018, 15:28

У судзе над старшым участковым інспектарам Кобрынскага РАУС Сяргеем Куляшовым адбыліся спрэчкі бакоў.

На суд другі дзень запар прыйшлі дзясяткі міліцыянтаў у форме, якія амаль цалкам запоўнілі залу, паведамляе «Радыё Свабода».

Міліцыянт абвінавачваецца на падставе часткі 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса - перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Пацярпелы вясковец Анатоль Глыцюк заяўляў, што міліцыянт зламаў яму нагу.

На пасяджэнні 12 чэрвеня выступіў начальнік Кобрынскага РАУС Уладзімір Сцепанюк, які заявіў, што «Куляшоў - не злачынца».

«Вы судзіце не ўчастковага інспектара міліцыі, не супрацоўніка Кобрынскага РАУС - вы судзіце ўсю сістэму органаў унутраных спраў Беларусі», - сказаў начальнік падсуднага.

Падчас спрэчак 13 чэрвеня пракурор заявіў, што віна Сяргея Куляшова даведзеная на падставе сведчанняў мясцовых жыхароў, якія бачылі інцыдэнт, а таксама на падставе іншых фактараў, у тым ліку судова-медыцынскіх экспэртыз і следчага эксперыменту. Пракурор прапанаваў прызнаць міліцыянта вінаватым ва ўчыненні «дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, што пацягнулі прычыненне шкоды правам і інтарэсам грамадзян, а таксама дзяржаўным інтарэсам, перавышэнні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, спалучанымі з гвалтам у дачыненні да пацярпелага».

Міліцыянт Куляшоў (зьлева)

У якасці змякчальных абставінаў дзяржаўны абвінаваўца папрасіў прызнаць наяўнасць выплаты прычыненай шкоды і малых дзяцей. Абцяжваючымі абставінамі пракурор папрасіў прызнаць учыненне злачынства асобай, якая тым самым парушыла прысягу.

Пракурор прапанаваў прызначыць абвінавачанаму міліцыянту пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на чатыры гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пасля пракурора далі слова пацярпеламу Анатолю Глыцюку, які пацвердзіў, што траўму яму нанёс міліцыянт, але папрасіў «не караць яго строга».

Адвакат Сяргея Куляшова ў сваёй прамове заявіла, што віна міліцыянта ў судзе не даведзеная, і калі існуюць сумненні, то прысуд павінен быць на карысць абвінавачанага. Адвакат прапанавала апраўдаць Сяргея Куляшова.

Апошнія навіны