BE RU EN

Расея задзейнічала «Іскандэры» і С-400 на заходняй мяжы

  • 13.06.2018, 14:29

У манеўрах на захадзе РФ удзельнічаюць 30 тысяч чалавек.

На Захадзе Расеі пачаліся вайсковыя вучэнні для абароны ад зброі масавага паражэння. У іх удзельнічаюць звыш 30 тысяч вайскоўцаў і блізу пяці тысяч адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку - ракетныя комплексы "Іскандэр" і зенітныя сістэмы С-400, паведамляе svoboda.org.

Трэніроўка праходзіць у частках, дыслакаваных у Маскве і Санкт-Пецярбургу, а таксама ў Маскоўскай, Ленінградскай, Калінінградскай, Варонежскай, Курскай, Смаленскай, Іванаўскай, Пскоўскай і Ніжагародскай абласцях.

У канцы мінулага года газета "Коммерсантъ" пісала, што міністэрства абароны Расеі рыхтуецца да сталага размяшчэнні ў Калінінградскай вобласці аператыўна-тактычных ракет "Іскандэр-М". Чакалася, што перад пастаноўкай "Іскандэраў" на баявое дзяжурства ў пачатку 2018 года будуць праведзеныя тактычныя вучэнні з рэальнымі запускамі ракет. У сакавіку вайскоўцы ракетных войскаў Заходняй вайсковай акругі на палігоне Капусцін Яр у Астраханскай вобласці паспяхова запусцілі балістычную ракету "Іскандэр-М".

Пасля анэксіі Крыма і пачатку канфлікту на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе Расея правяла вялікую колькасць раптоўных армейскіх праверак і вайсковых вучэнняў. Краіны Захаду неаднаразова выказвалі занепакоенасць імкненнем Масквы прадэманстраваць сваю вайсковую моц на межах краін ЕЗ і NATO.

Апошнія навіны