BE RU EN

Рада БНК: Будзем змагацца за правы людзей усімі мірнымі сродкамі

  • 12.06.2018, 16:43

Рэжым Лукашэнкі парушае правы беларусаў.

У Менску адбылося чарговае пасяджэнне Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Прадстаўнікі агульнанацыянальных арганізацый і рэгіянальных кааліцый абмеркавалі сітуацыю ў краіне і прынялі адпаведную заяву, якую ў «Фэйсбуку» апублікаваў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў:

Заява Рады БНК

Рэжым парушае правы людзей!

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу канстатуе, што кіроўны рэжым працягвае і ўдасканальвае палітыку парушэння правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй.

Парушаюцца правы на сумленны суд, на роўнасць суб'ектаў эканомікі, на абарону прыватнай уласнасці. Гэта робіць эканоміку непрывабнай для інвестыцый, абмяжоўвае гаспадарчую ініцыятыву. У выніку эканамічная сітуацыя застаецца складанай, а ў большасці рэгіёнаў - гаротнай. Скарачаецца колькасць працоўных месцаў, зніжаюцца заробкі. Пенсіі забяспечваюць толькі выжыванне, а не нармальнае жыццё. Беларусь стала адной з трох самых бедных краін Еўропы - разам з Малдовай і ваюючай Украінай.

Парушаюцца правы працоўных, пераследуюцца незалежныя прафзвязы. Паўтара мільёна беларусаў вымушаныя шукаць працу ў іншых краінах. Пусцеюць цэлыя рэгіёны. Беларусь губляе эканамічна актыўнае насельніцтва, а разам з ім - і будучыню.

Улада робіць чарговую спробу ўвесці антыканстытуцыйныя паборы з беспрацоўных, каб прымусіць людзей працаваць за капейкі на кантрактным ланцугу і пад наглядам ідэолагаў. Пад дзеянне адпаведнага дэкрэта можа патрапіць большасць працуючых за мяжой беларусаў. Уводзіцца ўсеагульная электронная сістэма кантролю за працаздольнымі грамадзянамі краіны, якая непазбежна будзе выкарыстаная для палітычнага кантролю над грамадствам і рэпрэсій.

У пошуках лёгкіх і злачынных даходаў рэжым, парушаючы экалагічныя правы людзей, пачаў размяшчаць на нашай зямлі шкодныя вытворчасці. Пратэсты грамадскасці супраць небяспечных вытворчасцяў душацца або ігнаруюцца.

Улада грэбуе нават векавымі традыцыямі беларускага народа: пры яе садзейнічанні адбываецца здзек з памяці тых, хто загінуў праз бальшавіцкія рэпрэсіі і пахаваны ў Курапатах пад Менскам, пад Віцебскам, Воршай і іншых месцах шматпакутнай Беларусі.

Рэжым груба грэбуе правамі грамадзян на гарантаваныя Канстытуцыяй мірныя сходы і дэманстрацыі, прысвоіўшы сабе права дазваляць або не дазваляць іх правядзенне. Несанкцыянаваныя рэжымам мірныя акцыі жорстка падаўляюцца. Звыклымі сталі катаванні затрыманых актывістаў. Вярнулася практыка карнай псіхіятрыі.

Парушаецца права на атрыманне аб'ектыўнай інфармацыі. Заблакаваны самы масавы грамадска-палітычны інтэрнэт-рэсурс «Хартыя-97», а таксама шэраг іншых сайтаў - у тым ліку сайт Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Зазнаюць ціск незалежныя блогеры. Звыклымі сталі арышты і суды над журналістамі «Белсата». Робіцца сакрэтнае ўздзеянне на кіраўніцтва і журналістаў, каб прымусіць іх да патрэбнага ўладзе асвятлення падзей.

Сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі сталі магчымымі праз выхад улады з-пад кантролю грамадства. Сітуацыя ў краіне з'яўляецца вынікам ператварэння ключавога права грамадзян - права на сумленныя выбары - у поўную фікцыю. Беларускі Нацыянальны Кангрэс будзе прадаўжаць барацьбу за правы людзей, выкарыстоўваючы ў гэтай барацьбе ўсе мірныя сродкі - у тым ліку публічныя акцыі пратэсту.

Улада - народу!

Жыве Беларусь!

12 чэрвеня 2018 года,

Менск

Апошнія навіны