BE RU EN

Барысаўскія «Аўтакампаненты» частку заробку будуць выдаваць прадуктамі

  • 11.06.2018, 17:15

«Наватарская» ідэя для сучаснай эканамічнай сітуацыі паўстала на заводзе агрэгатаў.

Як паведамілі ex-press.by работнікі барысаўскага завода агрэгатаў, які ўваходзіць у холдынг «Аўтакампаненты» (кіроўная кампанія ААТ «БАТЭ»), з іх сабралі подпісы на згоду атрымліваць частку заробку ў натуральнай форме.

Подпісы збіраліся «імем рэвалюцыі», але распісваліся работнікі завода, натуральна, добраахвотна. Сутнасць падпісанай паперы ў тым, што яны даюць згоду на тое, што на суму 20 рублёў будуць атрымліваць у завадской сталовай прадукцыю барысаўскага мясакамбіната №1 і «Здравушкі».

Кіраўніцтва прадпрыемства, цяпер яго ўзначальвае выхадзец з заводу БАТЭ Пётр Кацуба, ўсё ж зрабіла патуранне для некаторых катэгорый. Натуру, напрыклад, не будуць атрымліваць работнікі завода, якія знаходзяцца ў сацыяльных адпачынках па догляду за дзіцем, хварэюць больш за месяц, а таксама так званыя «абавязаныя асобы», у якіх частка заробку вылічваецца на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўных установах.

Завод агрэгатаў да ўваходжання ў холдынг ў «Аўтакампаненты» быў структурным падраздзяленнем Менскага маторнага завода, і доўгі час уважаўся за адзін з самых паспяховых прамысловых прадпрыемстваў горада.

Нават пасля ўваходжання ў склад холдынгу, створанага на ініцыятыву кіраўніцтва завода БАТЭ (у той час заводам БАТЭ і холдынгам кіраваў футбольны мэнэджар Анатоль Капскі), завод агрэгатаў спраўляўся са сваімі праблемамі.

Пра гэта сведчыць, напрыклад, тое, што гэта прадпрыемства, у адрозненне ад БАТЭ, «Аўтагідраўзмацняльніка» і «Экрана», якія ўваходзяць у холдынг, абышлося без бюджэтнай падтрымкі, выдадзенай паводле ўказа Лукашэнкі для «стабілізацыі фінансавага становішча» некаторых прадпрыемстваў холдынгу «Аўтакампаненты» ў 2016 годзе.

Апошнія навіны