BE RU EN

СМІ: Іван Ургант стаў грамадзянінам Ізраіля

  • 11.06.2018, 14:08

Ізраільскі замежны пашпарт уваходзіць у дваццатку самых моцных пашпартоў свету.

Вядомы расейскі тэлевядоўца і актор Іван Ургант афіцыйна стаў грамадзянінам Ізраіля і новым рэпатрыянтам. Пра гэта паведамляе расейскамоўнае ізраільскае выданне «Вести».

Як сцвярджаюць «Вести», Іван, ягоная жонка Наталля і дочкі прыляцелі ў нядзелю, 10 чэрвеня, у Ізраіль і атрымалі пасведчанне асобы грамадзяніна гэтай краіны («тэудат-зеут») проста ў аэрапорце, у аддзеле прыёму новых рэпатрыянтаў.

Сам Ургант пакуль ніяк не каментуе гэтую інфармацыю.

Важна ўдакладніць, што атрыманне гэтага дакумента не прадугледжвае абавязковага пераезду ў Ізраіль і пражывання ў гэтай краіне. Пастанову Урганта можна растлумачыць іншымі абставінамі.

26 чэрвеня 2017 года парламент Ізраіля зацвердзіў папраўку да Закону аб міжнародным пашпарце, які дазваляе новым рэпатрыянтам атрымліваць гэты пашпарт па прыбыцці ў краіну, а не праз год, як практыкавалася раней.

Ізраільскі замежны пашпарт («Даркона») уваходзіць у дваццатку самых моцных пашпартоў свету. Паводле звестак на травень 2018 года, ён займае 19-е месца ў сусветным рэйтынгу пашпартоў. Ягоныя ўладальнікі могуць наведваць без віз 161 краіну свету. Для параўнання, Расея знаходзіцца на 47-м месцы (118 краін), Беларусь - на 64-м (76 краінаў).

Да Урганта грамадзянства Ізраіля і статус новага рэпатрыянта атрымалі актор Эмануіл Вітарган (свёкар Ксеніі Сабчак) і мільярдэр Раман Абрамовіч.

Апошнія навіны