BE RU EN

Шматдзетная маці працавала за $40 і трапіла ў пенсійную пастку

  • 11.06.2018, 14:01

Бо пенсійны ўзрост рэгулярна павялічваецца на паўгода, у жанчыны наогул няма шанцаў выйсці на пенсію.

Галіцкая Таццяна - маці чатырох дзяцей. У 2015 годзе яна павінна была выйсці на пенсію, але даведалася, што згодна з новымі правіламі ёй не выстарчае страхавога стажу, піша tut.by.

Нагадаем, сёння маці траіх дзяцей дэкрэтны адпачынак уключаецца ў агульны працоўны стаж напоўніцу. А маці чацвярых дзяцей у агульны стаж ідзе толькі 75% усяго перыяду дэкрэтнага адпачынку. У спіс тых, каму скарацілі абавязковы страхавы стаж для налічэння пенсій, не патрапілі жанчыны, якія выхавалі чацвярых дзяцей.

Калі ў 2015 годзе Таццяне Галіцкай з Мазыра споўнілася 55 гадоў, яна сабрала дакументы і адправілася афармляць пенсію.

Тады жанчына даведалася, што згодна з новымі правіламі налічэння стажу для выплат не выстарчае 2 гады і 9 месяцаў. Яна звярнулася ў мясцовую службу занятасці, але там не змаглі прапанаваць працу - справа ў захворваннях, якія абмяжоўваюць колькасць падыходных вакансій.

- У мяне праблемы са спіной і суставамі, хрыбетная грыжа і дэфармавальны астэаартоз. Таму мяне адправілі на лекарска-кансультацыйную камісію, выдалі даведку і зноў накіравалі на біржу працы. Але там сказалі, што падыходных вакансій няма, бо мне нельга падымаць цяжкасці і ператамляцца, - распавядае Таццяна Галіцкая.

Яна была месяц на ўліку ў службе занятасці, пасля чаго пачала шукаць працу праз знаёмых. У выніку ўладкавалася на паўстаўкі дворнікам. «Заробак мізэрны, вядома, 80 рублёў плацяць. Ужо дзеці і муж дапамагалі, абы стаж ішоў», - распавядае жанчына.

Так прайшлі тры гады, пасля чаго яна зноў прыйшла афармляць пенсію. Але выявілася, што стажу ўсё яшчэ не выстарчае - заробак быў меншым за мінімальны, таму спрацаваў паніжальны каэфіцыент і замест года працы залічваліся паўгода.

- За тры гады я практычна запрацавала патрэбны стаж. Але ж пенсійны ўзрост рэгулярна павялічваецца на паўгода, здаецца, у мяне наогул няма шанцаў выйсці на пенсію. Праз два гады мне будзе 60 гадоў, і калі для жанчын зноў падымуць планку, то сацыяльную пенсію я атрымаю толькі ў 65 гадоў.

У Мінпрацы раней тлумачылі, чаму не бачаць пасткі страхавога стажу для шматдзетных.

- У шматдзетных сем'ях, як правіла, дзеці нараджаюцца без значных перапынкаў паміж нараджэннямі. Таму максімальны 9-гадовы перыяд можа ахопліваць час догляду мамы за чацвёртым, пятым і нават наступнымі дзецьмі.

«Выхоўваючы дзіцяці, мама выконвае важную сацыяльную місію. Калі яна гадуе траіх дзяцей, у адпачынку па доглядзе за дзіцем праводзіць 9 гадоў, чацвярых дзяцей - 12 гадоў. Узнікае цалкам заканамернае пытанне: як у такім выпадку ёй зарабіць сабе працоўную пенсію?» - адзначала раней старшыня парламенцкай камісіі ў працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская.

Развязаць праблему можна працай з заробкам, не ніжэйшым за мінімальны. Але праз стан здароўя Таццяна не можа знайсці такі варыянт, а вакансіі вартаўніка або вахцёра разлятаюцца вельмі хутка.

Большая частка стажу ў жанчыны - праца ў мазырскай будаўнічай арганізацыі.

- Скончыла тэхнікум, і мяне адправілі на адпрацоўку тынкоўшчыцай-маляром. Потым я трошкі напрацавала стаж, і мяне перавялі ў аддзел працы і зарплаты. Прабыла там дзесяць гадоў, пасля пайшлі скарачэнні. Нейкі час працы не было, праз знаёмых уладкавалася дворнікам, працавала тры гады. Затым зноў пачаліся скарачэнні, я трохі пабыла дома і на два гады пайшла прадавачкай. Потым мы палічылі, што стаж ужо ёсць, і муж прапанаваў застацца дома.

Таццяна дагэтуль працуе на паўстаўкі дворнікам. Перыядычна ёй дапамагаюць муж і дачка, бо жанчыне нельга цягаць цяжар. «Наогул у іх свае працы - дачка прадавачка, муж кіроўца на гарадскім аўтобусе. Выкручваемся, каб хоць нейкі стаж ішоў», - тлумачыць яна. Тры сыны маці рэгулярна ездзяць на заробкі ў Расею, бо «тут заробкі па 200 рублёў, і на такую суму з сям'ёй не пражыць».

Да 2014 года страхавы стаж, які ўлічваецца пры вызначэнні права на працоўную пенсію, складаў 5 гадоў. А з 1 студзеня 2014 года яго павялічылі да 10 гадоў, праз год - да 15 гадоў. У 2015 годзе ён ужо складаў 15 гадоў і 6 месяцаў. З пачатку гэтага года страхавы стаж паднялі яшчэ на паўгода, цяпер ён складае 16 гадоў і 6 месяцаў. Штогод гэтая планка будзе павялічвацца на 6 месяцаў - да 20 гадоў. Пры прызначэнні пенсіі ў 2025 годзе і пазней спатрэбіцца наяўнасць страхавога стажу, не меншага за 20 гадоў.

Апошнія навіны