Савецкі лётчык, збіты ў Афганістане ў 1980-я, застаўся жывым
- 1.06.2018, 16:34
Некалькі дзесяцігоддзяў афіцэр жыве ў Афганістане.
Савецкі лётчык, збіты ў Афганістане ў 1980-я, застаўся жывым. Пра гэта РІА "Новости" паведаміў кіраўнік Саюзу дэсантнікаў Расеі, Герой Савецкага саюза генерал-палкоўнік Валерый Вастроцін. Дагэтуль лётчыка ўважалі за зніклага без вестак. Некалькі дзесяцігоддзяў афіцэр жыве на чужыне, у Афганістане, ягонае прозвішча не называецца.
"Гэта вельмі дзіўна, - кажа генерал. - Цяпер патрэбная дапамога не толькі фінансавая, але і дапамога адміністрацыйная, дапамога грамадскіх арганізацый, дыпламатычная праца".
Пытанне з савецкім лётчыкам абмяркоўвалася з прадстаўнікамі Афганістана, але падрабязнасці не паведамляюцца.
Савецкія войскі знаходзіліся ў Афганістане ў 1979-1989 гадах. Практычна ўвесь гэты час ішла партызанская вайна. З 620 тысяч савецкіх вайскоўцаў, якія прайшлі Афганістан, загінулі 14 453 чалавекі. За згаданы перыяд былі збітыя 125 баявых самалётаў. Праз афганскую вайну прайшлі амаль 29 тысяч беларусаў, 771 чалавек загінуў.