Гомельскі радыёзавод пераходзіць на «трохдзёнку» - няма заказаў
- 7.05.2018, 16:00
800 рабочых і спецыялістаў гомельскага радыёзавода істотна страцяць у заробках.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельскі радыёзавод» даслала сваім работнікам паведамленні: з 1 чэрвеня да 31 жніўня на прадпрыемстве ўводзіцца 3-дзённы працоўны тыдзень. Лісты прыйшлі за подпісам дырэктара Аляксандра Горбача, паведамляе «Радыё Свабода».
Усё лета калектыў завода, а гэта больш за 800 чалавек, будзе працаваць толькі па панядзелках, аўторках і серадах.
Такі крок у паведамленнях тлумачыцца «абгрунтаванымі вытворчымі, арганізацыйнымі і эканамічнымі прычынамі». Калі хтосьці не згаджаецца з умовамі, будзе звольнены на падставе Працоўнага кодэкса паводле пункта 5 артыкула 35 - з выплатай двухтыднёвай дапамогі.
Намеснік дырэктара радыёзавода ў пытаннях эканомікі, фінансаў і замежнаэканамічнай дзейнасці Станіслаў Аксёнаў пацвердзіў часовы перавод персаналу на трохдзёнку, дадаўшы, што перамены тычацца і кіраўніцтва:
«Перад мной ляжыць такое ж паведамленне».
Са слоў намесніка дырэктара, завод не мае поўнай загрузкі. Няма сэнсу людзям прыходзіць на прадпрыемства і сядзець без працы.
«Як толькі новыя кантракты будуць падпісаныя, пастанова аб пераводзе персаналу на трохдзёнку будзе скасаваная», - сцвярджае Станіслаў Аксёнаў.
Радыёзавод - канверсійнае прадпрыемства, раней працавала на абарончы комплекс і мела ў 10 разоў больш персаналу. Самы цяжкі час прыпаў на сярэдзіну 90-х. З прычыны працяглай нявыплаты заробку тут узнікалі акцыі пратэсту. Жанчына-токар з гэтага прадпрыемства Валянціна Сматрыцкая ў 1995 годзе ў знак пратэсту прыкавала сябе ланцугом да станка і заставалася ў такім стане цэлы дзень.
Цяпер радыёзавод змяніў профіль. Выпускае апаратуру сувязі, тэлевізійную і медыцынскую тэхніку, халадзільныя ўстаноўкі і ўстаноўкі «дождж», прамысловае абсталяванне, тавары шырокага спажывання. Прадпрыемства з'яўляецца рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон».