BE RU EN

Аркадзь Бабчанка - жывы (Відэа, онлайн)

  • 30.05.2018, 17:33

(Абноўлена) Арганізатара замаху затрымалі.

У Службе бяспекі Украіны заявілі, што смерць журналіста Аркадзя Бабчанкі інсцэніравалі, паведамляе карэспандэнт інтэрнэт-выдання «Гордон».

«Хачу павіншаваць Аркадзя Бабчанку з яго трэцім днём нараджэння», - заявіў кіраўнік СБУ Васіль Грыцак.

Спецаперацыя праводзілі з падвышаным узроўнем канспірацыі.

«Цяпер я магу паведаміць дэталі спецаперацыі Службы бяспекі Украіны, дзякуючы якой нам удалося не толькі сарваць цынічную правакацыю, але і задакументаваць падрыхтоўку расейскімі спецслужбамі гэтага дзёрзкага злачынства», - цытуе выданне «Украинская правда» заяву Васіля Грыцака.

Старшыня Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак заяўляе, што замах на забойства расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі выканалі ветэраны антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны на замову спецслужбаў Расеі.

«Для рэалізацыі гэтага плана, спецслужбы Расеі завербавалі грамадзяніна Украіны Г., які мае заданне знайсці выканаўцаў з ліку былых удзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі», - паведаміў Васіль Грыцак на брыфінгу ў Кіеве.

«Настоящее время» паведамляе, што замах на журналіста Аркадзя Бабчанку аказаўся інсцэніроўкай. Ён сам прыйшоў на прэс-канферэнцыю, прысвечаную расследаванню замаху на яго.

«Наколькі мне вядома, гэтая аперацыя рыхтавалася 2 месяцы. Вынікам стала гэтая спецаперацыя», - сказаў Бабчанка - «Маё жыццё ўратавалі, яшчэ раз дзякую, але былі папярэджаныя больш маштабныя тэракты».

Пра планы забіць яго Бабчанка даведаўся ад супрацоўнікаў СБУ месяц таму, сказаў ён на прэс-канферэнцыі. Яму прынеслі дасье з фатаграфіяй з яго пашпарта, з чаго ён зрабіў выснову, што заказчыкі здабылі інфармацыю з удзелам спэцслужбаў.

У яго не было выбару, удзельнічаць у гэтай аперацыі або адмовіцца.

«Я сваю працу выканаў. Я пакуль яшчэ жывы», - скончыў свой выступ Бабчанка.

«Па-першае, хацеў бы папрасіць прабачэння, што вам усім давялося перажыць і за тое, што ўсім давялося прайсці, таму што я і сяброў, і калег хаваў шмат разоў, і я ведаю гэта моташна-млоснае пачуццё, калі даводзіцца хаваць калег. Іначай проста нельга было», - сказаў ён.

Асобна журналіст папрасіў прабачэння перад сваёй жонкай «за тое пекла, якое яна прайшла за гэтыя два дні».

«Волечка, даруй, калі ласка, але тут таксама было без варыянтаў», - адзначыў Бабчанка.

Генпракурор Украіны Юры Луцэнка паведаміў, што выканаўца забойства быў «падстаўной асобай».

Пра замах на Аркадзя Бабчанку стала вядома позна ўвечары 29 траўня. Праз некалькі гадзін праваахоўныя органы Украіны паведамілі, што журналіст памёр ад атрыманых кулявых раненняў. Крымінальныя справы распачалі следчыя органы Расеі і Украіны. А прэм'ер-міністр Украіны праз некалькі гадзін пасля паведамлення аб злачынстве заявіў, што за нападам стаіць Крэмль. У ФСБ Расеі гэтую заяву назвалі правакацыяй.

Апошнія навіны