Нават падчас адключэння менчукі аплачваюць гарачую ваду
- 25.05.2018, 9:47
У Менску з 10 траўня пачаўся сезон планавага адключэння гарачай вады.
Тым, каму яе адключалі ў першых шэрагах, учора ўвечары вярнулі права на ванную з пенкай. Астатнім нагадваем: калі ўжо адключылі, мае сэнс закрыць вентыль на трубе, якая падае ў кватэру гарачую ваду.
Цікава, што многія не разумеюць, навошта гэта рабіць. Адказ просты – дзеля эканоміі. Падчас прафілактычных адключэнняў з «гарачай» трубы цячэ халодная вада. І прыборы ўліку (кватэрныя і агульнадамавыя) фіксуюць яе як гарачую.
Праўда, існуе і агульнадамавы прыбор, які падлічвае колькасць цяпла, выдаткаванага на падагрэў вады ва ўсім доме, - яго лічбы фармуюць графу «плата за падагрэў вады». Спажытыя Гкал лічацца за месяц і раскідваюцца на ўсіх з улікам паказанняў кожнага лічыльніка. Калі ўсё перакрыюць краны з гарачай вадой, будзе справядліва. Калі ваду перакрыла толькі палова жыхароў, а другая палова будзе ганяць халодную ваду праз лічыльнік гарачай, ёй давядзецца заплаціць прыкметна больш - і за сябе, і, часткова за суседзяў, піша tut.by.
Ёсць дамы без агульнадамавых прыбораў, якія падлічваюць колькасць цяпла. У такіх выпадках гарачую ваду, як піша партал камунальнай пісьменнасці gkx.by, давядзецца аплаціць «у адпаведнасці з устаноўленымі нарматывамі расходу цяпла на падагрэў вады».
Увогуле, вентыль у кожным выпадку варта перакрыць - да шчаслівай гадзіны аднаўлення падачы гарачай вады.