BE RU EN

Прэзідэнтка Эстоніі стала першым замежным лідарам, які наведаў Данбас

  • 24.05.2018, 14:44

Керсці Кальюлайд прыбыла на перадавую ААС.

Прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд у чацвер прыбыла з візітам на Данбас, стаўшы першым лідарам замежнай дзяржавы, які наведаў зону канфлікту.

Як паведамляецца на Facebook-старонцы Аперацыі аб'яднаных сілаў, Кальюлайд правяла працоўную сустрэчу з камандавальнікам ААС Сяргеем Наевым, паведамляе "Еўрапейская праўда".

Адзначаецца, што бакі абмяркоўвалі актуальныя пытанні ўкраінска-эстонскага супрацоўніцтва ў вайсковай сферы.

Сяргей Наеў праінфармаваў Керсці Кальюлайд пра сітуацыю ў Данецкай і Луганскай абласцях, шляхі рэалізацыі гуманітарных захадаў для арганізацыі бяспекі жыцця мірных грамадзянаў і паляпшэння сацыяльнай сферы.

ФОТА: FACEBOOK / JOINT FORCES OPERATION

Ён таксама адзначыў, што расейска-тэрарыстычныя войскі рэгулярна абстрэльваюць мірныя населеныя пункты, груба парушаючы нормы міжнароднага гуманітарнага права. Бо ад абстрэлаў агрэсара гінуць і атрымліваюць раненні мірныя жыхары Данбаса.

"Аб'яднаныя сілы абараняюць мірнае насельніцтва і робяць усе магчымыя захады для арганізацыі бяспекі грамадзянаў", – падкрэсліў Наеў.

Керсці Кальюлайд выказала падтрымку ўкраінскім вайскоўцам у іхняй барацьбе за незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць сваёй краіны.

Пасля сустрэчы з Сяргеем Наевым Кальюлайд сустрэнецца з украінскімі ваярамі, часова перамешчанымі асобамі і прадстаўнікамі гуманітарных арганізацый.

Варта адзначыць, што дапамога Эстоніі ў матэрыяльна-тэхнічнай і гуманітарнай сферах перавышае 10 млн еўраў.

Апошнія навіны