З Акадэміі кіравання будуць рабіць «першую ВНУ»
- 23.05.2018, 11:47
Навучальная ўстанова атрымае «асаблівы статус».
Акадэміі кіравання пры Лукашэнку плануюць надаць асаблівы статус. Пра гэта паведаміла кіраўніца адміністрацыі кіраўніка Наталля Качанава, прадстаўляючы калектыву ВНУ новага рэктара Генадзя Пальчыка, піша БелТА.
- Лукашэнка паставіў задачу: гэта павінна быць найлепшая ВНУ, першая ВНУ. Мы ўжо думаем пра тое, што ў гэтай навучальнай установы павінен быць асаблівы статус. Мы паведамілі Лукашэнку, і ён пагадзіўся з намі, - сказала Наталля Качанава.
Паводле ейных слоў, Лукашэнка хоча раз на паўгода бываць у акадэміі, каб сустракацца з прафесарска-выкладчыцкім складам, слухачамі і студэнтамі.
Наталля Качанава звярнула ўвагу, што асноўная задача акадэміі - рыхтаваць высокапрафесійныя, адказныя і ініцыятыўныя кіроўныя кадры.
Нагадаем, больш за год таму Лукашэнка раскрытыкаваў Акадэмію кіравання.
- Калі цяперашняе кіраўніцтва Акадэміі кіравання не разумее, што рабіць, яго трэба неадкладна замяніць. Туды яно было і накіравана для таго, каб правесці нармальную працу, - казаў дыктатар. - Трэба паглядзець, каго мы там будзем рыхтаваць, і пад іх рабіць праграмы. Туды павінны трапляць толькі перспектыўныя будучыя дзяржаўныя службоўцы, якія заўтра будуць запатрабаваныя. А вы прааналізуйце, колькі там атрымалі адукацыю людзей, якія заўтра наогул на пенсію сыходзяць. Яны як былі на гэтых пасадах, так і засталіся. Навошта мы туды іх накіроўваем, які сэнс у гэтым?