«Свабода слова - гэта тое, на што не трэба пытацца дазволу ва ўладаў»
- 23.05.2018, 11:37
Гомельскі журналіст абскарджвае несправядлівы максімальны штраф.
Паводле інфармацыі БАЖ, журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі з Гомеля абскардзіць у абласным судзе пастанову суддзі Гомельскага раёна Тамары Застаўнецкай аб пакаранні паводле артыкуле 22.9 КоАП.
Суд пакараў журналіста максімальным адміністрацыйным штрафам - 1 225 рублёў за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ.
11 траўня суддзя Застаўнецкая завочна прысудзіла Жукоўскага да вялікага штрафу за тое, што ён, як сказана ў пастанове суда, “19 сакавіка знаходзіўся ў вёсцы Рудня Гомельскага раёна, дзе вырабіў, а потым распаўсюдзіў на спадарожнікавым тэлеканале "Белсат" сюжэт пад назвай "Вясковы Армагедон: каровы дохнуць, работнікам выдаюць непрыдатнае малако".
Сам Жукоўскі мяркуе, што міліцыя, а за ёй і суды караюць фрылансераў за тое, што яны не прыхарошваюць сітуацыю, а паказваюць "рэальнае становішча людзей у малых гарадках, вёсках і аддаленых райцэнтрах, куды не заўсёды даязджаюць афіцыйныя дзяржаўныя прапагандысты, каб не псаваць агульную выяву беларускага "дабрабыту і стабільнасці".
Рэгіянальны юрыст ГА "Беларускі асацыяцыі журналістаў" Леанід Судаленка, які дапамагае Жукоўскаму абскардзіць пастанову на адміністрацыйны штраф, заяўляе, што спробы дзяржавы падзяліць інфармацыю на “законную” і “незаконную” - неправамерныя.
"Свабода слова і распаўсюд інфармацыі - гэта тое, на што не трэба пытацца дазволу ў дзяржавы. Яны гарантаваныя грамадзяніну Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі, якія ратыфікавала Беларусь", - каментуе сітуацыю Леанід Судаленка.