BE RU EN

Яўген Ройзман абвясціў пра сыход з пасады кіраўніка Екацярынбурга

  • 22.05.2018, 9:14

Расейскі дэмакратычны палітык падаў у адстаўку на знак пратэсту.

Яўген Ройзман заявіў, што сыходзіць у адстаўку з пасады кіраўніка Екацярынбурга - старшыні думы. Пра гэта ён абвясціў падчас пасяджэння гарадской думы, паведамляе Znak.com.

Паводле ягоных слоў, прычынай такой пастановы стала скасаванне выбараў мэра ў Екацярынбургу. Сёння на пасяджэнні дума павінна ўхваліць адпаведныя змены ў гарадскі статут, удакладняе выданне.

«Паколькі мяне абіралі жыхары горада, я бараню інтарэсы жыхароў горада. Нас паставілі ў сітуацыю, калі мы абавязаны легітымізаваць чужую пастанову. Я ні пры якіх абставінах браць удзел у гэтым не буду. Сённяшняе пасяджэнне закрытае. Абвяшчаю вам, што я не жадаю ў гэтым удзельнічаць і сыходжу ў адстаўку», - заявіў Яўген Ройзман.

Нагадаем, што 3 красавіка дэпутаты заканадаўчага сходу ўхвалілі законапраект аб скасаванні выбараў мэра ў Екацярынбургу. Згодна з новай сістэмы, кіраўнік горада будзе выбірацца з кандыдатаў, прапанаваных конкурснай камісіяй. Пасля гэтага адміністрацыя Екацярынбурга ўнесла ў думу папраўкі ў Статут горада, якія прыводзяць яго ў адпаведнасць з рэгіянальным заканадаўствам. Ройзман адмовіўся падпісваць дакумент аб скасаванні наўпроставых выбараў мэра Екацярынбурга.

Яўген Ройзман быў абраны мэрам Екацярынбурга ў верасні 2013 года.

Апошнія навіны