«Маці 328»: Мы прадаўжаем барацьбу
- 21.05.2018, 12:38
Ініцыятарка галадоўкі актывістак руху «Маці 328» Таццяна Канеўская шпіталізаваная.
Актывістка руху «Маці 328» Таццяна Канеўская - ініцыятарка галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі шпіталізаваная ў Гомельскай лякарні хуткай дапамогі, паведамляе «Радыё Свабода».
«Пачаліся праблемы з жоўцевым пухіром - халецыстыт. Гэта наступствы галадоўкі - мне лекары так і сказалі. Праходжу курс лячэння», - распавяла Канеўская, якая галадала 15 дзён.
Яна падкрэсліла, што жанчыны не спыняюць барацьбу за змяненне крымінальнага заканадаўства ў частцы «антынаркатычных» артыкулаў. Нядаўна яны накіравалі зварот старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу з прапановай правесці пазачарговы пленум Вярхоўнага суда для змены судовай практыкі ў выкарыстанні артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў).
Прадстаўніцы руху «Маці 328» таксама накіравалі зварот генпракурору Аляксандра Канюку, у якім нагадалі аб анансаванай сустрэчы са сваякамі асуджаных паводле 328 артыкула. Сустрэча планавалася 4 траўня, але ў апошні момант была перанесеная на няпэўны час «у сувязі з тэрміновай выправай» Канюка.
«Сустрэчу ж не скасавалі, а перанеслі. Мы спадзяемся, што яна адбудзецца», - сказала Канеўская.
Акрамя таго, актывісткі руху запісваюцца на прыём да «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў», каб данесці да іх сваю пазіцыю, і чакаюць пленарных пасяджэнняў «парламента», на якіх павінны разглядацца змены ў крымінальнае заканадаўства.
Нагадаем, артыкул 328 Крымінальнага кодэксу - «Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў» - прадугледжвае пакаранне ад 5 гадоў абмежавання волі да 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
На знак пратэсту супраць жорсткасці «наркатычнага артыкула» 27 красавіка актывісты руху «Маці 328», які аб'ядноўвае сваякоў асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Міншчыне пачалі галадоўку.