BE RU EN

Літва адключыцца ад энэргасістэмы Беларусі за кошт Еўразвязу

  • 20.05.2018, 16:24

ЕЗ вылучыў 10,8 мільёнаў еўраў на адключэнне электрасеткі Літвы ад Беларусі і БРЭЛЛ.

Міністэрства энэргетыкі Літвы загадала пачаць праект, паводле якога электрасеткі краіны адключаць ад энэргасістэмы Беларусі і былых савецкіх краінаў і падключаць да еўрапейскай сеткі. Пасля рэалізацыі гэтага праекта набыццё балтыйскімі суседзямі электраэнэргіі з БелАЭС стане немагчымым з тэхнічных прычынаў.

Гэты інфраструктурны праект рэалізуецца ў рамках падрыхтоўкі сінхроннай працы з кантынентальнымі еўрапейскімі сеткамі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энэргетыкі Літвы.

«У рамках праекта будуць праводзіцца працы ў мадэрнізацыі сеткі, якія неабходныя для паспяховага адключэння савецкай сістэмы і падключэння да бяспечнай еўрапейскай сеткі. У той самы час, гэта забяспечыць надзейную працу сеткі і лепшую якасць абслугоўвання для спажыўцоў паўночна-ўсходняга літоўскага электраэнэргетычнага сектара і зэканоміць больш за паўмільёна еўраў на год праз зніжэнне эксплуатацыйных выдаткаў на электраабсталяванне», – заявіў міністр энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

Дзве трансфарматарныя падстанцыі на 330 кВ у Вісагінаскім і Утэнскім раёнах будуць рэканструяваныя з выкарыстаннем фондаў ЕЗ. Падчас рэалізацыі гэтага праекта будзе дэмантаваная самая магутная высакавольтная лінія на 750 кВ, якая злучае Ігналінскую АЭС з Беларуссю. Акрамя таго з Ігналінскай падстанцыі ў Электрэнайскую размеркавальную станцыю будзе перанесены шунтавальны рэактар.

Плануецца, што рэканструкцыя сістэмы электраперадачы ў паўночна-ўсходняй Літве зойме чатыры гады і будзе закончаная не пазней як вясной 2021 года. Агульны кошт праекта складае 23,9 мільёнаў еўраў без ПДВ. ЕЗ прафінансуе 45% выдаткаў ці 10,8 млн еўраў.

Літва мяркуе адключэнне ад расейскай сістэмы IPS / UPS, якая аб'ядноўвае сістэмы Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы (электракола БРЭЛЛ), прыярытэтам у развіцці энэргетыкі.

Пасля рэалізацыі праекта энэргетычная сістэма Літвы будзе цалкам ізаляваная ад беларускай, пастаўка электрычнасці з БелАЭС у Балтыю і краіны ЕЗ стане тэхнічна немагчымай. Такім чынам, Літва выканае свае абяцанні, што не стане набываць электраэнэргію, якая будзе выпрацоўвацца на беларускай атамнай станцыі.

Апошнія навіны