BE RU EN

ЗША і Кітай дасягнулі папярэдняй дамовы аб гандлі

  • 20.05.2018, 12:27

Гандлёвай вайны атрымаецца пазбегнуць?

Пасля двух дзён выключна напружаных перамоў Злучаныя Штаты і Кітай ліквідавалі прынцыповыя рознагалоссі ў галіне двухбаковага гандлю. У сумеснай заяве, апублікаванай у суботу, гаворыцца, што Кітай пагадзіўся «значна павялічыць» імпарт амерыканскіх тавараў і паслуг, каб выправіць перакосы ў гандлёвым балансе, паведамляе «Радио Свобода».

Гэта было ключавое патрабаванне высокапастаўленай амерыканскай дэлегацыі, якая прыбыла на перамовы ў Пекін.

Пакуль не ясна, наколькі значныя ў грашовым выразе саступкі, на якія пайшоў Кітай. Амерыканскі бок згадаў лічбу ў 200 мільярдаў даляраў, але МЗС КНР гэтага не пацвердзіў.

Згодна з сумеснай заявай «КНР у мэтах задавальнення росту матэрыяльных патрэб кітайскага народа і забеспячэння высокіх паказчыкаў эканамічнага развіцця краіны істотна павялічыць закупкі амерыканскай прадукцыі, што, у сваю чаргу, дапаможа паскарэнню тэмпаў росту і павышэнню працоўнай занятасці ў ЗША».

Прыярытэтнымі напрамкамі кітайскага імпарту павінны стаць амерыканская сельгаспрадукцыя і энергарэсурсы.

Раней Вашынгтон і Пекін пагражалі адзін аднаму гандлёвымі мытамі на дзясяткі мільярдаў даляраў. Атмасферу палепшыла тое, што на днях прэзідэнт ЗША Трамп прыклаў немалыя намаганні да таго, каб вывесці з-пад санкцый вядучае прадпрыемства сувязі ў КНР ZTE, абвінавачанае ў незаконным рээкспарце амерыканскіх тэхналогій у Іран і Паўночную Карэю.

Апошнія навіны