BE RU EN

Жыхар новабудоўлі ў Бараўлянах перамог судзе у УКБ

  • 18.05.2018, 11:25

Экспэрты давялі, што жытло пабудаванае няякасна.

УКБ Менскага раёна саступіла суд жыхару «нераўнамерна заселенай» новабудоўлі ў Бараўлянах - экспэртыза паказала, што ледзяная падлога, скразняк з вокнаў і расколіны ў сценах з'яўляюцца вынікам няякаснага будаўніцтва. Сума пазоўных патрабаванняў - больш за 437 тысяч рублёў, піша tut.by.

Паводле логікі, ліквідацыяй будаўнічых дэфектаў у гарантыйныя тэрміны павінны займацца тыя, хто будаваў, і тыя, хто прымаў працу. Але ў бараўлянскай новабудоўлі нешта пайшло не так. Спачатку кампанія-забудоўшчык «Аслябя» не прызнала свае хібы і ў рабочым парадку іх не выправіла: абвясціла, што праблемы ў дома праз «нераўнамернае засяленне». А потым і замоўца, УКБ Менскага раёна, які паставіў свае подпісы ў дакументах прыёмкі дома ў забудоўшчыка, адмовіўся паўплываць на апошняга.

У выніку ўсе праблемы пераклалі на плечы ЖБВК «Заолаг-Буд». Той ад такога «шчодрага» падарунка адмовіўся і заклікаў падрадную арганізацыю ліквідаваць хібы паводле гарантыі. Тады «Аслябя» прапанавала правесці экспэртызу. Паколькі яна патрэбная ЖБВК, за свой кошт рабіць гэта адмовілася. УКБ таксама з экспертызай не дапамагла. У афіцыйным лісце жыллёвага кааператыву чорным па беламу гаварылася, што ў іх няма грошай на тое, каб падаць позву ў эканамічны суд для прымусу ТАА «Аслябя» да папраўкі дэфектаў, выяўленых у перыяд гарантыйнага тэрміну.

Пакуль ішла гэта перапіска, жыхары дома за свой кошт рабілі рамонты. Але не ўсё. Напрыклад, Наталля Полаз, у якой у кватэры прамярзае падлога, расколіны на сценах і скразнякі з вокнаў, звярнулася ў суд з пазовам на ЖБВК і УКБ. Яна запатрабавала спагнаць з іх 11 470 рублёў на ліквідацыю дэфектаў. У пазове падваліся і іншыя сумы. Напрыклад, больш за 420 тысяч рублёў як няўстойку за парушэнне тэрмінаў ліквідацыі хібаў і 2 тысячы рублёў на кампенсацыю маральнай шкоды. Усяго пазоўных патрабаванняў больш як на 437 тысяч рублёў.

- У выніку суд Менскага раёна задаволіў мае патрабаванні толькі на сумы для рамонту і аплату паслуг экспэрта - 11 470 і 500 рублёў, - кажа Наталля Полаз. - Экспэртызу павінны былі праводзіць адказнікі, але яны адмовіліся. Таму мы за свой кошт запрашалі экспэрта, які ацаніў, колькі каштавацьме ліквідацыя будаўнічых дэфектаў. Адказчыкам суд прызнаў УКБ - бо гэта ён быў заказчыкам будаўніцтва і ён жа кантраляваў будоўлю. Цяпер ён, хутчэй за ўсё, звернецца з пазовам на ТАА «Аслябя».

Наталля спадзяецца, што калі-небудзь атрымае гэтыя грошы - іх павінна хапіць на ўцяпленне падлогі і замену вокнаў.

- Што рабіць з расколінамі на сценах, мы не ведаем – бо ўвесь час з'яўляюцца новыя. Экспэрт, дарэчы, сказаў, што дом не павінен так доўга даваць ўсаджванне, трэба асобна абследаваць падмурак.

У доме жыве яшчэ адзін чалавек, які звяртаўся ў суд, - Святлана. Яна з маленькім дзіцем вымушана жыць у кватэры з голымі сценамі - шпалеры сарвалі будаўнікі «Аслябя», якія прыходзілі латаць расколіны.

- Калі я зрабіла заўвагу, што яны няправільна расшываюць швы і робяць сваю працу няякасна, брыгада забудоўшчыка сышла, - кажа Святлана. - Праз шчыліну ў пліце перакрыцця можна з суседам за руку вітацца. Калі прыязджалі супрацоўнікі УКБ, яны знялі ў некалькіх пакоях шпалеры і тады ж проста сказалі: «Гэта брак, трэба ліквідаваць». «Аслябя» дэфектны акт не падпісала, таму чакаем экспэртызы.

- Хібы УКБ прызнала, не «заўважае» іх падрадчык, - кажа Святлана. - Таму экспэрт павінен зрабіць ацэнку якасці рамонтных работ, вызначыць кошт ліквідацыі браку. Магчыма, пасля экспэртызы мы будзем патрабаваць кампенсацыю і сваімі сіламі рамантаваць кватэру.

Праблема ў тым, што Святлана ўжо даўно чакае экспэртызы, але адказчыкі пярэчаць і спрабуюць абскардзіць пастанову суда.

Апошнія навіны