BE RU EN

Рабочыя аграгаспадаркі ў Слонімскім раёне маюць намер працягваць барацьбу

  • 17.05.2018, 21:22

Рабочыя будуць працягваць дамагацца адстаўкі кіраўніка гаспадаркі.

Страйк працоўных раённага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Новадзевяткавічы» ў Слонімскім раёне спынены. Адбылося гэта пасля іх двухгадзіннай сустрэчы са старшынёй Слонімскага райвыканкама Генадзем Хомічам, піша «Слонимский вестник».

Паведамляецца, што 17 траўня на сустрэчы размова ішла пра «пэўную канфліктную сітуацыю» і «шэраг праблемных пытанняў», якія наспелі ў працоўным калектыве. Механізатары, кіроўцы і будаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раніцай у чацвер не выйшлі на працу, бо былі незадаволеныя «стылем кіраўніцтва» Уладзіміра Акуліча, кіраўніка РУСП «Новадзевяткавічы» (напрыклад, яны абураныя, што ён на іх мацюкаецца, пазбаўляе грашовых заахвочванняў). Генадзь Хоміч выслухаў патрабаванні і паабяцаў разабрацца, у тым ліку і з «залішне жорсткай манерай камунікацыі з падначаленымі» Акуліча. Пасля гэтага працоўныя выйшлі на працу.

«Газета Слонимская» дадае: людзі, якія пагадзіліся пайсці на працу, казалі, што будуць працягваць дамагацца адстаўкі кіраўніка гаспадаркі. А яна, дарэчы, па ўсіх паказчыках найгоршая ў Гарадзенскай вобласці, сказаў падчас сустрэчы кіраўнік раёна.

ФОТА: SLONVES.BY

Апошнія навіны