BE RU EN

Беларускія праваабаронцы далучыліся да глабальнай акцыі салідарнасці са Змітром Паліенкам

  • 17.05.2018, 19:17

Акцыю салідарнасці праводзіць міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Вязень сумлення Зміцер Паліенка свой дзень нараджэння, які прыпадае на суботу, 26 траўня, вымушаны будзе сустракаць за кратамі.

З гэтай нагоды Валанцёрская служба ПЦ «Вясна» далучаецца да глабальнай акцыі салідарнасці, якую праводзіць міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

У панядзелак 21 траўня ў менскай прасторы «210 metrov» плануецца сумеснае мерапрыемства валанцёраў «Вясны» і сацыяльнай ініцыятывы Alpha Omega, прысвечанае дню нараджэння палітвязня Змітра. У гэты вечар прысутных чакае аповед пра гісторыю веласіпеднага руху «Крытычная маса» ў Беларусі, прававая ацэнка выпадкаў рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў «Крытычнай масы», якая адбылася 29 красавіка 2016 года, а таксама падпісанне лістоў і паштовак да палітвязняў.

Amnesty International заклікае ўсіх неабыякавых:

«Давайце закідаем адміністрацыю калоніі паштоўкамі для Змітра (па адрасе, прыведзеным ніжэй). Адміністрацыя калоніі не можа ігнараваць сотні віншаванняў з днём нараджэння!»

Куды пісаць:

Зміцер Паліенка

Папраўчая калонія №2

Вул. Сікорскага, 1

атрад 9

212800, Бабруйск, Беларусь

«Давайце паспрабуем падарыць яму свабоду!», - заклікае міжнародная праваабарончая арганізацыя, адкрываючы глабальную акцыю ў падтрымку Змітра Паліенкі.

Дзе: прастора «210 metrov», г. Менск, вул. Чапаева, 3.

Калі: 21 траўня а 19:00 (панядзелак).

Апошнія навіны