BE RU EN

Рабочыя аграгаспадаркі пад Слонімам паўсталі супраць свайго старшыні

  • 17.05.2018, 11:50

Сёння яны адмовіліся выходзіць на працу.

Да моманту прыезду «Газеты Слонімскай» у вёску Новадзевятковічы аднайменнай аграгаспадаркі Слонімскага раёна ў сераду, 16 траўня, з рабочымі ўжо размаўляў кіраўнік Слонімскага цэнтра банкруцтва і антыкрызіснага кіравання райвыканкама Віталь Сеч.

Ён не захацеў, каб прадстаўнікі СМІ прысутнічалі на сходзе работнікаў гаспадаркі, матывуючы гэта тым, што ў журналістаў няма спецыяльнага дазволу ад улады прысутнічаць на такіх сходах. Хоць людзі самі патэлефанавалі ў рэдакцыю і запрасілі журналістаў, каб расказаць пра свае праблемы, людзі заяўлялі, што пакуль старшыню не здымуць з пасады, працаваць яны не будуць.

Яны казалі пра стаўленне кіраўніка РУСП «Новадзевятковічы» Уладзіміра Акуліча да працоўных. Так, напрыклад, жанчына, якая забяспечвае абедамі рабочых, на загад кіраўніка павінна карміць яго строга з 13 да 14 гадзін штодня. Пры гэтым, каб накарміць начальніка, ёй часта даводзіцца шукаць яго па лясах і палях, хоць ён мог бы, як усе, паесці і з астатнімі працоўнымі. Таксама людзі выказваліся пра незаконныя, на іх думку, звальненні рабочых. Некаторыя казалі, што Уладзімір Акуліч папросту «топча працоўнае заканадаўства».

Са слоў людзей, кіраўнік камунікуе з падначаленымі, незалежна ад таго, хто перад знаходзіцца: жанчына ці мужчына, пры гэтым часта выкарыстоўвае лаянку. Мужчыны-механізатары казалі, што за ўсю сваю працоўную дзейнасць такога кіраўніка яшчэ не сустракалі.

- Чалавек аддае такія загады, што каровы на фермах застаюцца галодныя, бо мы проста не паспяваем іх пакарміць, - адзначалі працоўныя гаспадаркі.

Уздымалі людзі і пытанне заробкаў. За больш цяжкую працу старшыня пазбаўляе працоўных грашовых заахвочванняў. Уладзімір Акуліч таксама забараніў выдаваць разліковыя квіткі, пакуль ён знаходзіцца на лістку непрацаздольнасці.

У сваю чаргу, дырэктар цэнтра банкруцтва і антыкрызіснага кіравання Віталь Сеч папрасіў усіх прысутных скласці спіс усіх праблем, з якімі яны сутыкаюцца на працы. А ўжо ўвечары 16 траўня пасля працы а 19 гадзіне павінен быў адбыцца чарговы сход, на якім, са слоў Віталя Сечы, будзе прысутнічаць старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч, а таксама супрацоўнікі КДБ.

У чацвер, 17 траўня, многія работнікі аграгаспадаркі «Новадзевятковічы» адмовіліся выходзіць на працу. Сельскагаспадарчая тэхніка стаіць.

Пад 10-ю раніцы ў Новадзевятковічы прыехалі супрацоўнікі райвыканкама і міліцыі, якія размаўляюць з людзьмі.

Апошнія навіны