BE RU EN

Ангела Мэркель прапануе стварыць кібервойскі ў адказ на вайсковую дактрыну РФ

  • 16.05.2018, 16:55

Гібрыдная вайна з'яўляецца часткай вайсковай дактрыны Расеі, заявіла канцлерка.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель пацвердзіла сваю пазіцыю аб неабходнасці павышэння абаронных выдаткаў краіны падчас выступу ў сераду на дэбатах наконт бюджэту ў бундэстагу, паведамляе "Укрінфарм".

"Гаворка ідзе не пра ўзбраенні, а проста пра рыштунак", - заявіла Мэркель.

Паводле яе слоў, важныя таксама цалкам новыя навыкі - "кібернавыкі, таму было б правільным стварыць кібервойскі, бо гібрыдная вайна з'яўляецца часткай вайсковай дактрыны Расеі - цалкам афіцыйна".

"Вядома, мы павінны быць здольнымі да абароны. У адваротным выпадку ў нас няма шанцаў", - падкрэсліла Мэркель.

Кіраўніца ўрада адзначыла таксама неабходнасць забяспечыць дастатковы рыштунак жаўнераў, што дазволіць ім годна выконваць задачы міжнародных місій, NATO і нацыянальнай абароны.

Мэркель падкрэсліла ўсё большую важнасць для Нямеччыны "абароны на ўзроўні краіны і Альянса" і зрабіла акцэнт на патруляванні паветранай прасторы краін Балтыі і абавязацельстваў бундэсвера ў Румыніі і Балгарыі.

Як вядома, абарона ўжо займае ў федэральным бюджэце ФРГ другі радок. На гэты год на гэтыя мэты выдзелена 38,5 млрд еўра, на наступны год прадугледжана 41,5 млрд. Зрэшты краіна ўсё адно далёкая ад мэты NATO 2% ВУП на абарону, якога абяцалі дасягнуць; цяпер паказчык складае 1,24%. У часы халоднай вайны на войска ў ФРГ трацілася 2,3%.

Апошнія навіны