BE RU EN

Мы маем права мяняць гэтую ўладу

  • АНДРЭЙ САННІКАЎ
  • 9.04.2018, 9:20

Гэта права законнае ў адрозненне ад улады, якая незаконная.

Хто вінаваты?

- Ды, мабыць, усе мы, у рознай ступені.

Што рабіць?

- Паверыць, што разам мы зможам змяніць сваю краіну і станем вольнай Беларуссю. Паверыць, што нас шмат, і што нашая салідарнасць здольная на многае. Не сумнявацца, што мы маем права мяняць гэтую ўладу. Гэта права законнае ў адрозненне ад улады, якая незаконная.

А далей - выбіраем, што каму пасуе.

- Не дазваляць парушаць свае правы, усялякія. Супрацьстаяць усім незаконным дзеянням афіцыйных органаў: ад прымусовай падпіскі, прымусовага ўдзелу ў афіцыйных мерапрыемствах да незаконных пераследаў. Арганізоўваць пратэсты: на працоўным месцы, у раёне, горадзе, вобласці, ва ўсёй краіне. Нас шмат, памятаеце! Нашая салідарнасць - самая моцная зброя супраць самавольства ўладаў.

- Уваходзіць у незалежныя прафзвязы або ствараць іх. Далейшае зніжэнне ўзроўню жыцця, адсутнасць надзейнай сацыяльнай абароны патрабуе ад працаўнікоў больш актыўнай барацьбы за свае правы, уключаючы страйкі ў розных формах.

- Удзельнічаць у акцыях пратэсту, якія арганізуюцца апазіцыяй для абароны сваіх правоў, сваіх дзяцей і свайго жыцця. Мірны пратэст з'яўляецца законным, а яго здушэнне - незаконным.

- Не ўдзельнічаць ні ў якіх выбарах і рэферэндумах паводле правіл рэжыму і пад кіраўніцтвам Ярмошынай. Не ўдзельнічаць ні ў якіх выбаркамах, дзе прымушаюць фальсіфікаваць вынікі галасавання. Фальсіфікацыя - гэта злачынства, якое не мае тэрміну даўніны, а байкот «выбараў» і «рэферэндумаў» - законны сродак барацьбы з фальсіфікацыямі.

- Не падпісвацца на дзяржаўныя газеты і не чытаць іх. Не глядзець дзяржаўную тэлевізію і расейскія каналы, асабліва іх навінавыя і «аналітычныя» перадачы. Гэта чыніць непапраўную шкоду вашаму здароўю.

- Чытаць і распаўсюджваць незалежную прэсу. Распаўсюджваць публікацыі незалежных інтэрнэт-крыніц, якім вы давяраеце. Можна раздрукоўваць, калі ёсць такая магчымасць, і раздаваць сябрам і знаёмым. Можна капіяваць артыкулы і рассылаць, дапамогуць нават проста спасылкі, адпраўленыя як мага большай колькасці людзей. Мы наогул можам стварыць сваю незалежную інфармацыйную прастору, цалкам прыбраўшы з яе дзяржаўную прапаганду і яе хлуслівых прадстаўнікоў.

- Абмежаваць ці ўвогуле перастаць каментаваць кожны «чых» дыктатара, асабліва ў сацыяльных сетках. Ён і яго камарылля настолькі зразумелыя і прадказальныя ў сваёй празе да ўлады і страху яе страціць, што не варта марнаваць час на іх абмеркаванне. Празмерная прысутнасць дыктатара і ягонай сям'і ў інфармацыйнай прасторы ўплывае на псіхіку здаровага чалавека. Можна наогул абвяшчаць дні без Лукашэнкі ў інтэрнэце, што само сабой дадасць у жыцці пазітыву.

- Не верыць псеўдапалітыкам і псеўдаактывістам. Як іх распазнаць? Вельмі проста. Вось толькі некалькі прыкмет:

- нязменна клічуць на мясцовыя і парламенцкія выбары і рэферэндумы і ўдзельнічаюць у іх пад дудку Лукашэнкі-Ярмошынай.

- выступаюць супраць санкцый у дачыненні да Лукашэнкі і ягонага рэжыму

- выступаюць супраць вулічных пратэстаў

- заклікаюць да адмовы ад барацьбы з рэжымам, г.зн. ад барацьбы за свабоду, і нават крытыкі дыктатуры пад падставай абароны незалежнасці Беларусі. Лукашэнка ўжо здаў Беларусь Расеі, у тым ліку ў вайсковым плане, і менавіта ягоны рэжым з'яўляецца галоўнай пагрозай нашай незалежнасці.

- імкнуцца «адбяліць» рэжым унутры краіны і за мяжой.

- Не спадзявацца толькі на існыя праваабарончыя арганізацыі. Самім ствараць «ганебныя спісы» ўсіх парушальнікаў закона: міліцыянтаў, амапаўцаў, суддзяў, псеўдасведак, фальсіфікатараў выбараў. Вывешваць іх у інтэрнэце, але толькі паклапаціўшыся пра сваю бяспеку і праверыўшы ўсе звесткі.

- Прачытаць кнігі Джына Шарпа аб негвалтоўным супраціве і яго формах (вось тут, напрыклад, яго знакамітыя 198 метадаў негвалтоўнай абсалютна законнай барацьбы). Паспрабаваць знайсці брашуры аб негвалтоўным супраціве, што выдаваў «Зубр».

- Ведаць і быць упэўненым, што права на мірныя дэманстрацыі, свабоду слова, свабоду інфармацыі, свабоду мітынгаў і сходаў, шэсцяў не толькі законнае, але і гарантаванае Канстытуцыяй.

- Падтрымліваць тых, хто мае мужнасць выходзіць на пратэсты, ахвяруючы сабой дзеля нас усіх.

- Падтрымліваць усіх, хто несправядліва апынуўся за кратамі, змагаючыся за нашыя правы.

- Дапамагаць грашыма (хто можа) удзельнікам беларускага супраціву. Але толькі супраціву, а не падтанцоўкі.

- Паведамляць пра ўсе факты беззаконня, самавольства ўладаў і беззаконня.

Усё гэта трэба рабіць на аснове нашай мовы, гісторыі і культуры, бесперапыннага пашырэння сферы іх уплыву. Не забываць пра наш сцяг і "Пагоню".

Нашая салідарнасць павінна здабыць новыя якасці, стаць салідарнасцю супраціву і абароны незалежнасці.

Мы павінны дамагчыся правядзення сумленных выбараў пад міжнародным кантролем, пасля чаго і адновіцца перапыненае развіццё Беларусі.

Героямі не нараджаюцца. Герояў робіць гісторыя. Героямі народ называе тых, хто змагаецца за самае дарагое для сябе і сваёй краіны - Свабоду!

Жыве Беларусь!

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны