BE RU EN

ПАРЕ прыняла рэзалюцыю пра супрацьдзеянне расейскай прапагандзе

  • 25.04.2018, 18:46

Рэзалюцыя была прынятая аднагалосна.

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) сёння прыняла рэзалюцыю пра супрацьдзеянне расейскай прапагандзе.

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў кіраўнік украінскай дэлегацыі ў ПАРЕ Уладзімір Ар’еў, паведамляе gordonua.com.

«Яшчэ адна невялікая перамога. ПАРЕ толькі што аднагалосна прыняла рэзалюцыю па маім дакладзе: выказалі падтрымку супрацьдзеянню расейскай прапагандзе на ўзроўні Еўрапейскага саюза і рэкамендавалі краінам-сябрам Рады Еўропы заснаваць органы для адсочвання дэзінфармацыі і фэйкаў», - напісаў Ар’еў.

Ён прывёў цытату з рэзалюцыі, у якой гаворыцца, што ў некаторых выпадках дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі былі ператвораныя ў прапагандысцкія інструменты і выкарыстаны для перадачы фальшывых навін або распальвання нянавісці ксенафобіі супраць меншасцяў і пэўных груп.

«Гэта прыводзіць да адсутнасці незалежнасці і нізкіх этычных стандартаў у шэрагу СМІ і тлумачыць рост недаверу насельніцтва. У сувязі з гэтым Асамблея пацвярджае сваю падтрымку рашэнню Еўрапейскай Рады 2015 пра барацьбу з наплывам дэзінфармацыі і адкрытай хлусні са сродкаў масавай інфармацыі і анлайн-старонак у РФ», - гаворыцца ў рэзалюцыі ПАРЕ.

Акрамя таго, ПАРЕ вітае сумесную заяву спецыяльнага дакладчыка ААН у пытаннях свабоды слова і трох рэгіянальных дакладчыкаў у 2017 годзе пра тое, што дзяржаўныя суб'екты не павінны ствараць, падтрымліваць і распаўсюджваць дэзінфармацыю або прапаганду, дадаў Ар’еў.

Апошнія навіны