BE RU EN

Беларусы больш не змогуць праверыць свініну на афрыканскую чуму

  • 24.04.2018, 16:22

Тым часам сасіскі, у якіх Рассельгаснагляд знайшоў геном віруса, можна без праблем купіць у краме.

10 красавіка Рассельгаснагляд абвясціў, што ў Беларусі эпідэмія афрыканскай чумы свіней. Пастаўкі беларускай свініны ў Расею спыненыя, паведамляе «Еўрарадыё». Прэтэнзіі расейскай установы датычацца сасісак «Кракаўскіх» і варанай каўбасы «Часнаковая Смак» Гомельскага мясакамбіната, у якіх бранскія ветэрынары выявілі геном віруса АЧС.

Тым часам сасіскі, у якіх Рассельгаснагляд знайшоў чуму свіней, можна без праблем купіць у краме! Вось яны - «Кракаўскія» ў адным з гомельскіх «Еўраоптаў»:

Афрыканская чума свіней не шкодзіць чалавеку, таму есці гэтыя сасіскі не страшна. Але непрыемна: усё ж, калі давяраць Рассельгаснагляду, нейкі вірус у іх сядзіць... Як праверыць, ці ёсць у сасісках АЧС?

Як было ў 2014 годзе?

У мінулы раз на афрыканскую чуму свіней у 2014 годзе праверыць мяса было нескладана. Тады кожны ахвотны мог прынесці яго ў Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр - свабодна і нават бясплатна.

За чатыры гады ўсё кардынальна змянілася. Цяпер, калі ты хочаш праверыць прадукты, тупай у мясцовую ветэрынарную службу па накіраванне, або ў дэпартамент ветэрынарнага нагляду. Толькі пасля гэтага прадукты можна здаць на аналіз у лабараторыю вірусалогіі:

«Усе аналізы ў нас праходзяць паводле накіраванняў дзяржаўнай ветэрынарнай службы, або праз дэпартамент ветэрынарнага нагляду. Калі ўсё ж спажывец захоча праверыць мяса, то яму трэба звяртацца па месцы прапіскі ў ветэрынарную службу. З імі ўзгадніць, атрымаць накіраванне, пасля гэтага зноў звярнуцца да нас. Цяпер гэта пытанне дзяржаўнае», - тлумачыць загадчыца аддзела вірусалогіі дзяржаўнага ветэрынарнага цэнтра Таццяна Аляксандраўна.

Не кожны будзе бегаць па горадзе з адной дзяржаўнай установы ў iншую, каб проста паесці сасісак. Але ніяк інакш цяпер мяса не праверыць. Лабараторыі пры рынках не праводзяць аналізаў на афрыканскую чуму свіней.

«Лабараторыі пры рынках праводзяць аналізы на нітраты, нітрыты і радыялогію. Сёння ўсе мясныя прадукты, для таго, каб прадавацца на рынку, павінны мець пакет суправаджальных дакументаў. Пачынаючы ад сельсавета, і да дзяржаўнай ветэрынарнай службы, - прадаўжае Таццяна Аляксандраўна. - Хай спажыўцы не купляюць неправеранае мяса на рынку, а купляюць мяса даследаванае і завезенае на яго не падпольным шляхам. Трэба весці тлумачальную працу, каб нашы людзі патрабавалі пакет дакументаў, перш чым куплялі мяса».

Але што казаць пра рынкі, калі сасіскі, у якіх Рассельгаснагляд знайшоў афрыканскую чуму свіней, прадаюцца ў звычайнай краме? Так, беларускія ўлады адмаўляюцца прызнаваць распаўсюджванне АЧС. Аднак у Гомельскім раёне (якраз там, дзе журналісты купілі «Кракаўскую»), за апошнія месяцы было знішчанае ўсё пагалоўе свіней - блізу 73 тысяч.

Вось і думай цяпер, ёсць чума ў сасісках ці няма...

Апошнія навіны