BE RU EN

Жыллёвы кодэкс: Багатыя будуць жыць за кошт бедных

  • 23.04.2018, 10:15

«Палатка» рыхтуе папраўкі да яшчэ аднаго закона.

На чацвёртай сесіі так званай «палаты прадстаўнікоў» будзе разгледжаны праект закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Беларусі ў пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых дачыненняў».

Юрыст і рэдактар сайта statut.by Аляксандр Горбач распавёў «Салідарнасці», што адна малапрыкметная дэталь у праекце можа пацягнуць вельмі негатыўныя наступствы.

- Звярніце ўвагу на артыкул Жыллёвага кодэкса, дзе гаворыцца пра абавязкі ўдзельніка супольнага домаўладання аб размеркаванні выдаткаў эксплуатацыі агульнай маёмасці. Адзначу, што найперш пад супольнымі домаўладаннем у нас маюцца на ўвазе таварыствы ўласнікаў (ТУ), і жыллёвыя спажывецкія кааператывы (ЖСК), хоць напраўду ў нас амаль 90% шматпавярховага жыллёвага фонду пасля прыватызацыі жылля з'яўляецца супольным домаўладаннем.

Цяпер гэтая норма змяшчаецца ў артыкуле 166 Жыллёвага кодэкса, і яна сфармуляваная так: «Удзельнік супольнага домаўладання абавязаны кампенсаваць выдаткі эксплуатацыі (утрымання, тэхнічнага абслугоўвання, рамонту і капітальнага рамонту) агульнай маёмасці прапарцыйна яго дзелі ў агульнай уласнасцi на гэту маёмасць, калі iншае не ўстаноўлена заканадаўствам».

А ў праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса цяпер гаворыцца: «Удзельнік супольнага домаўладання абавязаны кампенсаваць выдаткі эксплуатацыі (утрымання, тэхнічнага абслугоўвання, рамонту, капітальнаму рамонту, тэхнічнаму абслугоўвання ліфту, электразабеспячэння) агульнай маёмасці ў парадку, прадугледжаным актамі заканадаўства».

Гэта значыць паняцце прапарцыйнасць знікае!

Але ж прапарцыйнасць - асноўны прынцып у супольным домаўладанні. Так, у адпаведнасці з дзейнымі нормамі ЖК на агульным сходзе ўдзельнікаў супольнага домаўладання кожны ўдзельнік мае колькасць галасоў, прапарцыйную памеру ягонай дзелі ў праве ўласнасці на агульную маёмасць, гэта значыць фактычна прапарцыйную плошчы кватэры. Такім чынам, уласнік «аднапакаёўкі», натуральна, мае значна меншую колькасць галасоў, чым ўласнік, напрыклад, трохпакаёўкі.

Прапарцыйна памеру дзелі ў праве ўласнасці на агульную маёмасць размяркоўваліся і выдаткі ўтрымання гэтай агульнай маёмасці, а гэта, дарэчы, не толькі выплаты за некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі, але і ўнёскі ў тых жа таварыствах уласнікаў і жыллёвых кааператывах. Гэта значыць, было ўсё лагічна і справядліва: хто мае больш галасоў, той нясе і больш выдаткаў.

Цяпер жа ў праекце новай рэдакцыі ЖК прапарцыянальнасць захоўваецца толькі ў колькасці галасоў удзельнікаў супольнага домаўладання. І атрымліваецца, што ўласнікі вялікіх кватэр будуць усё вызначаць на агульных сходах, вызначаць ўсю, калі можна так сказаць, палітыку супольнага домаўладання, у тым ліку, вызначаць лёс агульнай маёмасці. Але! Плаціць за ўтрыманне агульнай маёмасці ўсе будуць аднолькава. Гэта значыць, вобразна кажучы, багатыя пачнуць жыць за кошт бедных.

Апошнія навіны