BE RU EN

«Матчын рух 328» гатовы абвясціць галадоўку

  • 22.04.2018, 19:13

Маці асуджаных паводле артыкула 328 абвясцілі аб намеры пачаць бестэрміновую галадоўку з мэтай змякчэння заканадаўства.

Маці асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі (распаўсюд наркотыкаў) абвясцілі аб намеры пачаць бестэрміновую галадоўку з мэтай змякчэння заканадаўства, паведамляе euroradio.fm са спасылкай на «Радыё Свабода».

Пра гэта актывісты «Матчына руху 328» 22 красавіка заявілі на прэс-канферэнцыі ў Жлобіне. У прэсе-канферэнцыі ўзялі ўдзел жанчыны з Бабруйска, Гомеля, Горак, Жлобіна, Мар'інай Горкі і Менска.

У галадоўцы, якая пачнецца 27 красавіка, будуць удзельнічаць 20 чалавек. Пра месца яе правядзення ўдзельнікі паведамяць дадаткова. Удзельнікі прэс-канферэнцыі звярнулі ўвагу на несправядлівыя, на іх думку, прысуды, неадпаведныя тэрміны пакарання, незаконныя метады следства, правакацыі з боку міліцыі.

Яны таксама заявілі аб недасканаласці беларускага заканадаўства, калі непаўналетнія асуджаюцца паводле наркатычных артыкулаў на працяглыя тэрміны гэтак жа, як і дарослыя. Цяпер у месцах пазбаўлення волі паводле наркатычных артыкулаў адбываюць працяглыя тэрміны зняволення больш за 16 тысяч чалавек.

Сваякі асуджаных дамагаюцца асабістай сустрэчы з Лукашэнкам, стварэнне камісіі для перагляду спраў паводле артыкула 328, пачынаючы з 2013 года, а таксама дыферэнцыяцыі адказнасці за нарказлачынствы.

«Матчына рух 328» аб'ядноўвае сваякоў грамадзян, асуджаных за распаўсюд наркотыкаў. Мэтай ініцыятывы з'яўляецца наданне матэрыяльнай і псіхалагічнай дапамогі асуджаным і іх сем'ям, а таксама іх інфармацыйная і юрыдычная падтрымка. Паводле звестак актывістаў, у рух уваходзяць 651 чалавек.

Апошнія навіны