BE RU EN

ЕЗ заклікае ўлады Арменіі вызваліць затрыманых

  • 22.04.2018, 18:07

Еўразвяз заклікае ўлады Арменіі выконваць права грамадзян на свабоду мірных сходаў.

Гэта права з'яўляецца ўніверсальным і фундаментальным, нагадвае Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці (EEAS) у сваёй заяве, апублікаванай у нядзелю, 22 красавіка, паведамляе DW.

Армянскім уладам варта ўжываць прадугледжаныя законам захады справядліва і суразмерна, а таксама выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, у тым ліку Еўрапейскую канвенцыю ў абароне правоў чалавека і асноўных свабод, адзначае EEAS.

Тыя, хто быў затрыманы падчас рэалізацыі свайго права на свабоду сходаў, павінны быць неадкладна адпушчаныя на волю, падкрэслілі ў Брусэлі. ЕЗ таксама выказаў расчараванне ў сувязі з тым, што сустрэча лідара апазіцыі Нікола Пашыняна і прэм'ер-міністра Сержа Саргсяна не прынесла выніку, і заклікаў бакі канфлікту праявіць стрыманасць і знайсці дыпламатычнае развязанне.

Раней дэлегацыя Еўразвязу ў Арменіі і дыппрадстаўніцтва дзяржаў ЕЗ у гэтай краіне ў супольнай заяве выказалі занепакоенасць правалам перамоў паміж Пашынянам і Саргсянам, адзначыўшы, што яны маглі б «прадухіліць далейшую эскалацыю напружанай сітуацыі».

Масавыя пратэсты ў Ерэване і некаторых іншых гарадах Арменіі прадаўжаюцца з 13 красавіка. Армяне выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць абрання экс-прэзідэнта Саргсяна прэм'ер-міністрам, якое, нягледзячы на дэманстрацыі, адбылося 17 красавіка. У адпаведнасці з прынятай раней канстытуцыйнай рэформай, якая прадугледжвае пераход ад прэзідэнцкай рэспублікі да парламенцкай, пасада прэм'ера дазволіць Саргсяну зноў засяродзіць уладу ў сваіх руках.

Апошнія навіны