Дзясяткі тысяч вугорцаў выйшлі на акцыю супраць кантролю Орбана над СМІ
- 22.04.2018, 12:27
Дэманстрацыя ў Будапешце стала другой масавай антыўрадавай акцыяй з часу парламенцкіх выбараў.
Дзясяткі тысяч вугорцаў пратэставалі ў суботу супраць урадавага кантролю над медыя.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Дэманстрацыя ў Будапешце стала другой масавай антыўрадавай акцыяй з часу парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 8 красавіка і ў выніку якіх партыя прэм'ера Віктара Орбана «Фідэс» атрымала дзве траціны месцаў у парламенце.
Пачынаючы з 2010 года вугорскі прэм'ер павялічыў кантроль над медыя і паставіў сваіх хаўруснікаў на чале некалі незалежных арганізацый.
Падчас пратэсту арганізатары заклікалі да свабоды сродкаў масавай інфармацыі і змяненняў ва ўрадзе.
Петэр Маркі-Зай, які ў лютым перамог кандыдата «Фідэс» на мясцовых выбарах, заклікаў апазіцыйныя партыі правага і левага спектру аб'яднацца для сумеснага супрацьстаяння дамінаванню ўрада.
«Мы павінны змагацца супраць іх медыя дамінавання і іх фабрык хлусні» - заявіў ён.
«Наша асноўная мэта - расхістаць кантроль «Фідэс» над дзяржаўнымі медыя, аднак апазіцыйныя партыі таксама маюць задачы, бо яны таксама адказныя за сітуацыю, у якой мы апынуліся» - заяўлялі арганізатары перад пачаткам акцыі.
Пратэстоўцы сабраліся пад будынкам вугорскага парламента, а затым прайшлі маршам да моста Лізаветы, размахваючы нацыянальнымі і сцягамі ЕЗ. Пры гэтым яны трымалі банеры са слоганамі «Віктар, вярні нашу дэмакратыю», «Мы хочам свабоды прэсы» і «Змена рэжыму».
Нагадаем, тыдзень таму ў Будапешце да 100 тысяч людзей выйшлі на пратэст супраць выбарчай сістэмы з патрабаваннем аб пераліку галасоў на парламенцкіх выбарах.
Як вядома паводле вынікаў выбараў 8 красавіка партыя Фідэс пад кіраўніцтвам Віктара Орбана выйграла больш за 2/3 галасоў у парламенце. Больш за ўсё галасоў Фідэс атрымаў на мажарытарных акругах, паводле партыйных спісаў партыя атрымала крыху менш за 50% галасоў.