BE RU EN

Відавочцы аварыі БТРа з МАЗам: БТР ехаў на чырвонае святло, быў разрыў у калоне

Відавочцы аварыі БТРа з МАЗам не згодныя з версіяй Мінабароны.

28 сакавіка ў Бярозе сутыкнуліся малакавоз МАЗ і бронетранспарцёр. Паводле версіі Мінабароны, кіроўца грузавіка «праігнараваў патрабаванні сігналаў машын ДАІ і ВАІ, якія суправаджалі калону вайсковай тэхнікі». Блізкія кіроўцы малакавоза з такой версіяй не згодныя.

У аварыі пацярпеў 45-гадовы кіроўца МАЗа. Як распавёў tut.by ягоны сын, Яўген Чарвякоўскі, цяпер бацька знаходзіцца ў шпіталі з пераломам сцягна. 2 красавіка ў яго была запланаваная аперацыя.

Са слоў Яўгена, у тую раніцу ягоны бацька ішоў «пусты» на загрузку. Ехаў вуліцай Камсамольскай наўпрост. На скрыжаванні з вуліцай Леніна яму гарэў зялёны сігнал святлафора. Мужчына паглядзеў па баках і выехаў на скрыжаванне, дзе ў правую частку цягача і ўрэзаўся бронетранспарцёр, які ехаў у складзе вайсковай калоны. Са слоў сына, з кіроўнага сядзення МАЗа вызначыць, што вуліцай Леніна ў той момант праязджала вайсковая калона, было немагчыма - транспарт рухаўся з «разрывамі», а аўтамабіляў суправаджэння з сігналамі не было відаць.

«Калона ішла з разрывамі. Парывы паміж машынамі былі аж да 200 метраў. (...) Гэты БТР, хутчэй за ўсё, адстаў і наганяў калону. З ім не было ні ДАІ, ні ВАІ, і для яго гарэў чырвоны сігнал святлафора», - патлумачыў Яўген.

У дзень аварыі Мінабароны апублікавала сваю версію падзей:

«Пад 7.00 28 сакавіка на скрыжаванні ў горадзе Бярозе Берасцейскай вобласці кіроўца цывільнага аўтамабіля МАЗ парушыў правілы дарожнага руху, праігнараваў патрабаванні сігналаў машын ДАІ і ВАІ, якія суправаджалі арганізаваную калону вайсковай тэхнікі, і ўчыніў сутыкненне з бронетранспарцёрам».

ФОТА: VK.COM/PODSLUSHANOBEREZA

Жыхар Бярозы Павел стаў відавочцам ДТЗ. Да скрыжавання, на якім адбылася аварыя, мужчына пад'ехаў вуліцай Леніна.

«Я выехаў з дома на працу раніцай. На пад'ездзе да нашага «Еўраопта» сустрэў калону. Ехаў аўтамабіль аператыўнага прызначэння з чырвонымі маячкамі. Я спыніўся. Першы аўтамабіль з чырвонымі маячкамі праехаў, і я паціху пачаў рух да святлафора (вуліцай Леніна. - Заўвага.), да скрыжавання, дзе была аварыя. Я спыніўся на чырвоны сігнал святлафора. Я тады падумаў: «Няўжо калона пойдзе на чырвонае святло?». Машына, якая замыкае калону, ехала таксама з маячкамі, але яна была далёка, і яе было складана ўбачыць. (...) З боку Камсамольскай выехаў МАЗ. Яму гарэў спачатку жоўты. МАЗ прытармазіў, дачакаўся «зялёнага» і паехаў далей, на скрыжаванне, дзе адбылося сутыкненне з БТРам. Ён (кіроўца МАЗа. - Заўвага.) ніяк не мог бачыць, што ідзе калона. Таму што яна не была пазначаная. У той час святлафоры працавалі ў штатным рэжыме. (...) Калі МАЗ выехаў на скрыжаванне, ён (кіроўца МАЗа. - Заўвага.) не мог нават падумаць, што кіроўца БТРа яго не прапусціць. На перакрыжаванні падчас сутыкнення ніводнага чалавека не было. (...) БТР ішоў на чырвонае святло, і быў разрыў у калоне», - распавёў Павал.

Пасля сутыкнення відавочцы аварыі падбеглі да пацярпелага кіроўцы малакавоза.

«Ад удару МАЗ выкінула на дрэва. Калона адразу ж стала. Праз некалькі хвілін на перакрыжаванне выехаў «кантралёр» калоны з чырвонымі маячкамі - аўтамабіль ВАІ. (...) Пасля ўдару мы падбеглі да кіроўцы. Ён не разумеў, што адбылося, сказаў: «Хлопцы, што вы робіце?!» - як быццам мы (кіроўцы легкавых аўтамабіляў. - Заўвага.) вінаватыя і яго ўдарылі. Мы яму тлумачым, што ў яго рэзнуўся БТР, ён глядзіць вялікімі вачыма і пытаецца: «Які БТР, вы з глузду з’ехалі?!» - успамінае Павел.

Другі сведка сутыкнення, Аляксандр, ехаў вуліцы Камсамольскай за МАЗам:

«Загарэлася зялёнае святло, МАЗ пачаў кранацца. На скрыжаванні нікога не было. Пустое было. МАЗ толькі выехаў на сярэдзіну дарогі, як збоку вылецеў БТР і рэзнуўся ў МАЗ».

З успамінаў Аляксандра, у тую раніцу было цёмна, а на дарозе «асвятлялася толькі скрыжаванне» вуліц Леніна і Камсамольскай. З яго пазіцыі аўтамабіляў ВАІ з сірэнамі прыкметна не было і нішто не сведчыла аб тым, што па Леніна едзе вайсковая калона.

Праводзіцца праверка

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік управы Следчага камітэта Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, праверка паводле факту ДТЗ прадаўжаецца.

Раней акалічнасці аварыі Следчы камітэт пракаментаваў так:

«Аварыя адбылася 28 сакавіка, пад 06.20, на скрыжаванні вуліц Леніна і Камсамольскай: сутыкнуліся МАЗ з прычэпам і бронетранспарцёр, які рухаўся ў складзе арганізаванай калоны».

Апошнія навіны