Белы дом: прэзідэнты ЗША і РФ абмяркоўвалі магчымасць сустрэчы
- 2.04.2018, 20:57
Трамп у тэлефоннай размове з Пуціным 20 сакавіка абмеркавалі магчымасць правядзення сумеснай сустрэчы.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-сакратаркі Белага дома Сары Сандэрс, паведамляе «Радио Свобода».
Адзначаецца, што прэзідэнт ЗША і прэзідэнт Расеі абмеркавалі шэраг месцаў, дзе можна правесці сустрэчу, уключаючы Белы дом. Сандэрс не назвала дату магчымай сустрэчы амерыканскага і расейскага лідараў, удакладніўшы, што такая сустрэча можа адбыцца «ў найбліжэйшай будучыні».
Раней пра тое, што Трамп прапанаваў Пуціну сустрэцца, распавёў памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў. Ён адзначыў, што праз «справу Скрыпаля» і наступную ўзаемную высылку дыпламатаў перамовы аб сустрэчы прэзідэнтаў ускладніліся.
Тэлефонная размова Трампа і Пуціна адбылася на ініцыятыву амерыканскага боку. Тады прэзідэнт ЗША павіншаваў Пуціна з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Паводле звестак The Washington Post, Белы дом не рэкамендаваў Трампу рабіць гэтага і раіў пачаць размову з абмеркавання «справы Скрыпаля». Прэзідэнт ЗША тады напісаў у твітэры, што мець добрыя стасункі з Расеяй «гэта добра, а не дрэнна».
26 сакавіка Вашынгтон прыняў рашэнне выслаць 60 расейскіх дыпламатаў і закрыць консульства ў Сіэтле ў адказ на атручванне ў Вялікабрытаніі былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі. Масква ў адказ выслала 60 амерыканскіх дыпламатаў і закрыла консульства ў Санкт-Пецярбургу.