BE RU EN

У Берасці міліцыянты выйшлі на пратэст

Міліцыя ў горадзе над Бугам спрабавала замаскіравацца пад удзельнікаў пратэсту.

1 красавіка на цэнтральнай плошчы Берасця прайшла чарговая акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, паведамляе «Белсат».

Раней міліцыя не чапала людзей, але ў нядзелю супрацоўнікі РАУС Ленінскага раёна Берасця паспрабавалі затрымаць некалькі чалавек яшчэ да пачатку акцыі.

Аперацыя не ўдалася: «ціхары» спалохаліся камеры «Белсата». Пасля міліцыянты наважылі замаскіравацца пад удзельнікаў акцыі: у іх руках з'явіліся жоўтыя паветраныя шарыкі, якія ім раздаў невядомы мужчына, які выйшаў з будынка адміністрацыі Ленінскага раёна Берасця.

Берасцейцы выходзяць на плошчу Леніна шостую нядзелю запар, каб паказаць, што яны супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Яны не трымаюць ніякіх транспарантаў, а проста кормяць птушак. Некаторыя трымаюць у руках чорныя шарыкі з надпісам «Жыць».

ПРАЦІЎНІКІ БУДАЎНІЦТВА АКУМУЛЯТАРНАГА ЗАВОДА ПРЫНОСЯЦЬ НА ПЛОШЧУ ЧОРНЫЯ ШАРЫКІ З НАДПІСАМ «ЖЫЦЬ»

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, у берасцейскім гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне мітынгу «берасцейкі супраць свінцу». Заяўнікі просяць дазволіць правесці мітынг 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Апошнія навіны