Настаўнік «Мянчанкі»: З Леанідам Якубовічам мяне блытаюць усюды
- 2.04.2018, 19:56
Віктар Ганчароў пацвердзіў, што яго нярэдка блытаюць з вядоўцам праграмы «Поле цудаў».
Галоўны трэнер «Мянчанкі» Віктар Ганчароў у размове з карэспандэнтам «Прэссбола» пацвердзіў, што яго нярэдка блытаюць з расейскім шоўмэнам Леанідам Якубовічам.
- Кажуць, вы паабяцалі згаліць вусы ў выпадку выйгрышу Кубка ЕКВ?
- Так і ёсць. Сказаў гэта камандзе пасля таго, як у чвэрцьфінале прайшлі «Уралачку». Дзяўчынкі, само сабой, вельмі моцна ўзрадаваліся. Раней, прызнацца, нічога падобнага не абяцаў. Але цяпер ужо занадта высокія стаўкі. З задавальненнем месяц пахаджу без вусоў, але з Кубкам!
- Як ставіцеся да бясконцых параўнанняў з Леанідам Якубовічам?
- З гумарам. Бо калі буду на гэта крыўдзіцца, такіх параўнанняў стане яшчэ больш. А блытаюць мяне з вядучым праграмы «Поле Цудаў» усюды - у гіпермаркетах, на вуліцы, у іншых грамадскіх месцах. А калі б яшчэ ў метро ездзіў! Бачу, што людзі ідуць насустрач, глядзяць ва ўпор і ўсміхаюцца. Адразу кажу: «Так-так, гэта я, Леанід Якубовіч!». Некаторыя прасілі аўтограф - не адмаўляў. Усім прыемна, усе атрымліваюць пазітыў. А навошта злавацца?