BE RU EN

Падман па-барысаўску: пенсіянеры аддаюць апошняе за сумнеўны тавар

Як засцерагчы пажылых людзей ад залішняй даверлівасці?

У Барысаве зафіксаваныя новыя выпадкі махлярства ў дачыненні да пажылых людзей. На гэты раз аферы ўчыняліся не пад прыкрыццём фірмы, якая займаецца вокнамі ці электрапрыборамі, а прыватнай асобай, паведамляе ex-press.by.

Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Барысаўскага РУУС Яна Каржавін, махляр уваходзіў у давер да састарэлых і прапаноўваў купіць за 20-30 рублёў набор рондаляў.

Для таго каб матываваць старых зрабіць куплю, аферыст распавядаў адну і тую ж гісторыю. Нібыта ён грамадзянін іншай краіны, куды вяртаецца жыць, але праз мяжу яго з такім дарагім (называлася лічба 2000 даляраў) посудам не прапусцяць, таму ён вымушаны прадаваць яго так танна.

Праўда, патрапіўшы ў дом да патэнцыйных пакупнікам, махляр рэзка падвышаў стаўку і казаў, што гатовы прадаць набор посуду ўсяго за 600 даляраў, бо гэта больш чым утрая менш за рэальны кошт.

Старыя, загіпнатызаваныя немаведама адкуль узятым барышом, аддавалі апошнія грошы за тавар, які столькі відавочна не каштуе.

У сувязі з гэтым праваахоўнікі звяртаюцца да барысаўчанаў з просьбай распавядаць старэйшым сваякам, суседзям і знаёмым пра такія выпадкі. Нельга верыць незнаёмцам і ні ў якім разе нельга пускаць іх у сваё жыллё.

Калі вашым сваякам прапануюць набыць дарагую рэч, рэкамендуйце ім не спяшацца з купляй, а ўдакладніць па тэлефоне альбо інтэрнэту рэальны кошт прапанаваных рэчаў!

Апошнія навіны