Ройзман на мітынгу заклікаў не забараняць прамыя выбары мэра Екацярынбурга
- 2.04.2018, 19:35
Мэр Екацярынбурга назваў выбары «пытаннем чалавечай годнасці» і нагадаў пра іх ролю ў гісторыі горада.
У панядзелак, 2 красавіка, у цэнтры Екацярынбурга прайшла акцыя супраць законапраекта, які скасоўвае прамыя выбары мэра горада. Яе ініцыятарам стаў дзейны мэр Екацярынбурга Яўген Ройзман. Мерапрыемства, узгодненае на 99 чалавек, адбылося на плошчы Абароны. Яго, у тым ліку, наведалі і палітыкі, якія прыехалі з Масквы - Дзмітрый Гудкоў і еанід Волкаў, паведамляе 66.ru.
Адным з першых на мітынгу выступіў Дзмітрый Гудкоў. «Адбіраючы у вас выбары, яны хочуць вам сказаць: нам не патрэбныя сумленныя і разумныя. Яны кажуць: нам патрэбныя лаяльныя і верныя», - заявіў ён са сцэны. Са слоў Леаніда Волкава, «задача-максімум - вярнуць моцнага мэра, у якога ёсць праграма і паўнамоцтвы. Гораду патрэбныя імёны, вобраз будучага, а выбраць гэта могуць толькі самі гараджане. Ёсць такая пазіцыя што горадам павінен кіраваць гаспадарнік. Гэта глупства! На першым месцы ідэя, потым гаспадарка. Спачатку думка, потым чыстыя вуліцы. Інакш яны будуць пілаваць грошы на снегаўборачнай тэхніцы», - заявіў Леанід Волкаў.
У канцы мітынгу на сцэну выйшаў сам мэр горада Яўген Ройзман. «Екацерынбург на сённяшні дзень адзін з найлепшых гарадоў Расеі і найлепшы горад-мільённік. І раптам прыезджы чалавек без адукацыі, без кругагляду хоча пазбавіць наш горад прамых выбараў мэра. Хочаш ты руліць - ідзі рулі вобласцю, якая развальваецца і ўся ў абавязках», - заявіў са сцэны Ройзман. «Мы здольныя самі развязваць і самі выбіраць сабе мэра і ад гэтага права адмаўляцца нельга», - падкрэсліў ён. Ройзман нагадаў, што ў Екацярынбургу захоўваецца пераемнасць выбараў як гістарычнай традыцыі. «У Екацярынбургу традыцыя выбіраць мэра існуе з 1763 года. Менавіта тады, калі мы выбіралі мэра, мы зрабілі рывок у развіцці», - сказаў палітык.
Ройзман адзначыў, што выбары дазваляюць захаваць адказнасць улады перад насельніцтвам. «Вы мяне выбіралі, вы за мяне галасавалі, і таму я падсправаздачны толькі вам. У мяне няма начальнікаў і таму я магу казаць тое, што я думаю. Кожны чалавек, якога абіралі, адказвае перад сваімі выбарцамі, а не перад сваімі начальнікамі. У назначэнца іншая сітуацыя. Кожны назначэнец адказвае толькі перад тым, хто яго прызначыў. Таму выбары ў Екацярынбургу трэба захоўваць і за гэта трэба змагацца», - сказаў мэр горада.
Ройзман абвясціў пратэстную акцыю пасля таго, як з'явілася інфармацыя аб унясенні ў заканадаўчы сход Свярдлоўскай вобласці законапраекту пра скасаванне прамых выбараў кіраўніка Екацярынбурга. Згодна з дакументам на сайце абласнога парламента, яго ўнёс губернатар Яўген Кувайшаў. Дакумент быў унесены ў заканадаўчы сход вобласці 22 сакавіка. Кіраўнік Екацярынбурга, згодна з законапраектам, павінен будзе вылучацца конкурснай камісіяй і зацвярджацца дэпутатамі гарадской думы. Праз тыдзень профільны камітэт свярдлоўскага заканадаўчага сходу падтрымаў дакумент. Разгляд законапраекту камітэтам, як паведаміў РБК мэр Екацярынбурга, «доўжыўся ўсяго 15 хвілін». На наступны дзень пасля мітынгу, 3 красавіка, законапраект у трох чытаннях павінны разгледзець абласны заканадаўчы сход, пасля чаго ён будзе падпісаны губернатарам.
Паўнамоцтвы Ройзмана, які перамог на выбарах мэра горада ў 2013 годзе, мінаюць ў верасні. Яго паўнамоцтвы як кіраўніка горада апынуліся досыць абмежаваныя, бо ў 2010 годзе ў горадзе была ўведзеная пасада сіці-мэнэджара, які фактычна адказвае за ўсю гарадскую гаспадарку і маёмасць, у той час як мэр выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Прамыя выбары мэра, акрамя Екацярынбурга, у Расеі захаваліся ў гарадах федэральнага значэння Маскве, Санкт-Пецярбургу і Севастопалі, а таксама ў Новасібірску, Хабараўску, Анадыры, Абакане, Кемерава, Томску і Якуцку.