Берасцейкі падалі заяўку на правядзенне мітынгу супраць завода АКБ
- 2.04.2018, 19:21
Раней з аналагічнай заявай да ўладаў звярталіся актывісты-мужчыны, але ім было адмоўлена.
У панядзелак 2 красавіка чатыры жыхаркі Берасця і Берасцейскага раёна звярнуліся з заявай у Берасцейскі гарвыканкам з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу «берасцейкі супраць свінцу». Пра гэта паведаміў «БГ» праваабаронца Раман Кісляк.
У рамках мерапрыемства плануецца расказаць гараджанам пра шкоду свінцу і яго злучэнняў для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя, а таксама абмеркаваць сярод удзельнікаў мітынгу магчымую шкоду ад запуску акумулятарнага завода «АйПауэр», які цяпер будуецца пад Берасцем.
У якасці месца правядзення заяўнікі выбралі пляцоўку ля сцэны ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў у абласным цэнтры. Згодна з пастановай Берасцейскага гарвыканкама №1210 ад 30 чэрвеня 2011 года на гэтым месцы дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.
Планаваная колькасць удзельнікаў - 100 чалавек.
Нагадаем, раней з аналагічнай заявай да мясцовых уладаў звярталіся праваабаронца Раман Кісляк і актывіст Міхаіл Галуза. Берасцейскі гарвыканкам адмовіў ім у правядзенні мітынгу, аргументаваўшы гэта тым, што плошча Свабоды, якая была абраная ў якасці пляцоўкі пад мітынг, не з'яўляецца месцам, вызначаным для правядзення масавых мерапрыемстваў.
А пакуль мясцовыя жыхары, занепакоеныя будаўніцтвам завода, спрабуюць атрымаць дазвол на мітынг, яны кожную нядзелю выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым прыцягнуць увагу мясцовых уладаў і грамадскасці да сітуацыі вакол акумулятарнага завода «АйПауэр». З пачатку года ў Берасці і раёне разгарнулася актыўная кампанія супраць з'яўлення гэтага прадпрыемства побач з абласным цэнтрам.
Кіраўніцтва завода, СЭЗ «Брэст» і чыноўнікі запэўніваюць, што на ўсіх этапах рэалізацыі праекта выканае дзейнае заканадаўства. Актывісты заяўляюць, што гэта не так, і дамагаюцца як мінімум прыпынення будаўніцтва завода да высвятлення ўсіх хвалюючых іх пытанняў. Больш за ўсё людзі асцерагаюцца шкоды, якую можа прынесці навакольнаму асяроддзю і іх здароўю патэнцыйна небяспечная вытворчасць. Сабрана больш за 37 тысяч подпісаў мясцовых жыхароў, якія перададзеныя ў адміністрацыю Лукашэнкі. На даручэнне прэм'ер-міністра створаная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі розных міністэрстваў і зацікаўленых службаў. Ім неабходна праверыць усю інфармацыю, сабраную ініцыятыўнымі групамі, і даць адказы на ўсе пытанні.