BE RU EN

Заўтра ўлады раскажуць, за што будуць плаціць «дармаеды»

Падрыхтаваць пералік «антыдармаедскіх» паслуг чыноўнікам даручыў Лукашэнка.

Пра гэта паведамляе euroradio.by.

1 красавіка дзяржава павінна была абвясціць «дармаедам», за якія паслугі яны будуць плаціць паводле стоадсоткавых тарыфаў:

Паводле пункта 7.3 Дэкрэта №1, да 1 красавіка 2018 года дзяржава павінна:

- зацвердзіць прыкладнае палажэнне аб камісіі.

вызначыць:

- паслугі з вяртаннем выдаткаў і ўмовы іх падавання,

- парадак разліку і ўнясенне платы за паслугі з вяртаннем аплаты,

- унесці ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прапановы па:

абмежаванні выдавання працаздольным грамадзянам, незанятым ў эканоміцы, безнаяўных жыллёвых субсідый на аплату жыллёва-камунальных паслуг і дзяржаўнай падтрымкі пры пабудове (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў,

удасканаленні заканадаўства ў сферы прафілактыкі правапарушэнняў,

аб накіраванні грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і знаходжанне ў іх.

Падрыхтаваць пералік «антыдармаедскіх» паслуг чыноўнікам даручыў Аляксандр Лукашэнка, калі ў студзені 2018 падпісаў Дэкрэт №1 аб занятасці насельніцтва. Гэты дэкрэт замяніў скандальна вядомы Дэкрэт №3, які вымушаў беспрацоўных грамадзян аддаваць дзяржаве 20 базавых у год. Але пратэсты «дармаедаў» зрабілі сваё: дэкрэт перагледзелі, плату скасавалі, наважылі, што «дармаеды» будуць плаціць за паслугі 100%.

Але за якія менавіта паслугі, так і не прыдумалі.

«Нічога пра дармаедаў не ведаю. У мяне няма часу з вамі размаўляць», - адказвае на пытанне журналістаў кіраўніца адміністрацыі кіраўніка Наталля Качанава ў першы дзень вясенняй сесіі парламента.

Спрабуем удакладніць інфармацыю ў Міністэрстве ЖКГ, бо аплата за некаторыя камунальныя паслугі павінна абыходзіцца «дармаедам» у капеечку.

«Не мы распрацоўваем гэты нарматыўна-прававы акт, - кажуць у прэс-службе міністэрства. - Таму не ў курсе, што там будзе».

Прэс-сакратарка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Штын кажа, што пастанову чакаюць з дня на дзень. Тут самі сочаць за сайтам pravo.by:

«Калі пабачым пастанову, тады мы будзем гатовыя нешта каментаваць. Яна будзе апублікаваная на pravo.by, мы адсочваем сайт».

Ад прэс-службы Савета Міністраў з другой спробы мы пачулі аптымістычны адказ:

«Заўтра на сайце Савета міністраў выйдзе афіцыйная пастанова», - адказвае прэс-сакратар Савета міністраў Уладзіслаў Сычэвіч.

Гэта значыць, за тры месяцы чыноўнікі ўсё ж нешта прыдумалі?

Апошнія навіны