BE RU EN

У Сірыі загінуў найміт Вагнера, які напісаў адкрыты ліст Шайгу

У лісце будучы найміт прасіў міністра абароны паспрыяць ягонай кар'еры.

У моргу Растова-на-Доне апазнаны чарговы баец ЧВК Вагнера, які загінуў пры сутыкненні з амерыканцамі ў ноч на 8 лютага гэтага года ў правінцыі Дэйр-эз-Зор. Як стала вядома Znak.com, гаворка ідзе пра 27-гадовага жыхара горада Юргі Кемераўскай вобласці Расціслава Закаулава.

Апошні раз Закаулаў звязваўся з блізкімі 7 лютага, то бок, за некалькі гадзін да гібелі. «Патэлефанаваў, супакоіў, што, маўляў, едзе на ахову завода і сувязі, магчыма, не будзе нейкі час. Прасіў не перажываць, бо будзе ахоўваць завод. Да завода ён так і не даехаў», - распавёў Znak.com адзін са сваякоў маладзёна.

Са слоў сваяка Закаулава, пра лёс байца яны нічога не ведалі да сярэдзіны лютага, калі ў інтэрнэце пачала з'яўляцца інфармацыя пра загінулых і параненых пры баявой сутычцы ў правінцыі Дэйр-эз-Зор. «У сярэдзіне лютага ў Google пра яе была злітая ўся інфармацыя, уключаючы прозвішча, імя, імя па бацьку. Злажылі пра яго нават цэлую гісторыю, што нібыта ваяваў на Данбасе. Напраўду ён туды не ездзіў», - кажа суразмоўца.

Як вынікае з адкрытых крыніц, у ЧВК Вагнера ў Закаулава быў парадкавы нумар М-2049. Маладзён уваходзіў у разлік АГС-17 (аўтаматычнага гранатамёта - заўв. Znak.com) 2 выведвальна-штурмавога ўзвода 4 выведвальна-штурмавой роты ЧВК. Са слоў сваякоў, Закаулаў ездзіў у Сірыю як снайпер, праз мяжу пераходзіў у якасці турыста.

Цяперашняя ягоная паездка ў зону ваенных дзеянняў была ўжо трэцяй па ліку. Першы раз ён ездзіў у складзе ЧВК Вагнера ў Сірыю ў 2016 годзе на 5 месяцаў, затым, у 2017 годзе, была камандзіроўка на 6 месяцаў. Гэтым разам ён прыбыў на службу ў сярэдзіне студзеня, камандзіроўка павінна была працягнуцца да лета.

«Ён сам трапіў туды. У нашым горадзе быў хлопец, які таксама ездзіў туды, так скажам, працаваць. Расціслаў пасля службы ў войску нейкі час не мог знайсці працу, але характарыстыкі ў яго былі добрыя. Каб хоць неяк зарабляць на жыццё, наважыўся паехаць [у Сірыю]», - удакладнілі сваякі Закаулава.

Інфармацыя пра тое, што жыхар Кемерава загінуў у Сірыі, пацвердзілася на днях. Пра гэта сваякам паведамілі праз тэлефон. Усяго, паводле іх звестак, з Кемераўскай вобласці разам з Расціславам Закаулавым у Сірыю з'ехалі восем чалавек.

Адзначым, у сетцы дагэтуль можна знайсці адкрыты ліст Расціслава Закаулава кіраўніку мінабароны РФ Сяргею Шайгу: «Я, Закаулаў Расціслаў Аляксеевіч, праходзіў тэрміновую службу ў 56 асобнай штурмавой брыгадзе (раскватараваная ў Валгаградскай вобласці - заўв. Znak.com), звольніўся ў званні малодшага сяржанта. Маю выдатную фізпадрыхтоўку. Жадаю служыць у войску. Да войска меў судзімасць, знятую ў 2011 годзе ў войску. У ваенкамаце адмаўляюцца займацца маёй справай. Няўжо мне паставіць крыж на маёй будучыні, на шляху служэння Радзіме?» Подпіс - «Расціслаў. г. Юрга, Кемераўская вобласць».

Вядома, што некалькі атрадаў ЧВК Вагнера патрапілі пад агонь артылерыі і авіяцыі ЗША ў мястэчку Хашам сірыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор. Дакладная колькасць загінулых невядомая дагэтуль. На розныя ацэнкі, у выніку авіяўдару загінула ад 100 да 300 чалавек. Паводле папярэдніх звестках Znak.com, толькі ў адной 5-й роце ЧВК Вагнера загінула 217 байцоў.

Апошнія навіны