BE RU EN

Менскае «Дынама» падпісала новы кантракт з Гордзі Дуаерам

На пасаду галоўнага трэнера клуба прапаноўваліся і новыя кандыдатуры.

Менскае «Дынама» абвясціла аб падпісанні новага аднагадовага кантракту з галоўным трэнерам Гордзі Дуаерам, паведамляе сайт клуба.

Як адзначыў генеральны дырэктар ХК «Дынама-Мінск» Анатоль Курылец, гэты крок з'яўляецца першым у фармаванні каманды на наступны сезон:

- Будаўніцтва калектыву пачынаецца з галоўнага трэнера, і гэта правільна. Мы вельмі хацелі падпісаць дамову з Гордзі Дуаерам як мага раней, каб спакойна прыступіць да фармавання каманды.

Безумоўна, у нас былі і іншыя кандыдатуры, акрамя Гордзі, але менавіта ён быў для нас у прыярытэце. Прааналізаваўшы вынікі мінулага сезону, прыйшлі да высновы, што трэнерскі штаб зрабіў усё ці амаль усё магчымае, каб каманда выканала пастаўленыя перад ёй задачы. Дзесьці атрымлівалася, дзесьці не, але праца была праведзеная вельмі сур'ёзная, і не хацелася б страціць яе вынікі, страціць тое добрае, што было знойдзенае.

Упэўнены, што Гордзі Дуаер той трэнер, які патрэбен цяпер «Дынама». Гэта малады, але ўжо досыць дасведчаны і амбіцыйны спецыяліст, які прайшоў школу НХЛ і КХЛ. Ён шмат новага і цікавага прыўнёс у наш клуб і прыўнясе яшчэ ў будучыні. Побач з ім прагрэсуюць не толькі беларускія гульцы, але і нашы спецыялісты, якія ўваходзяць у трэнерскі штаб каманды.

Перад клубам стаяць сур'ёзныя задачы на наступны сезон. Гэта, вядома, выхад у плэй-оф, яркая і стабільная гульня цягам усяго чэмпіянату. Хацелася б гэтым разам не спыніцца на стадыі чвэрцьфіналу канферэнцыі, але і пашумець у накаўт-раўндзе. Разумеем, што ў нас ёсць абавязак перад заўзятарамі. Хочам іх у наступным сезоне парадаваць.

Падпісанне кантракту з галоўным трэнерам - толькі першы крок. Найбліжэйшым часам будуць іншыя трансферныя навіны. Упэўнены, што сiтуацый з мiнулага лета, калі да пачатку збораў склад не быў сфармаваны яшчэ і напалову, мы не дапусцім, - заявіў Курылец у інтэрв'ю афіцыйнаму сайту клуба.

Апошнія навіны