Андрэй Піянткоўскі: Метафізічная параза Пуціна
- 2.04.2018, 16:57
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін узору 2018 года не можа сабе дазволіць «новыя слаўныя перамогі».
З гэтага часу кіраўнік Крамля для ўмацавання ўласнай улады мае намер выкарыстоўваць іншую мадэль, - сказаў у інтэрв'ю «Обозревателю» расейскі палітолаг, журналіст, палітычны дзеяч Андрэй Піянткоўскі.
На ягоную думку, Пуцін узору 2018 года прынцыпова адрозніваецца ад Пуціна ўзору 2014 года, перыяду так званай «расейскай вясны».
«Пуцін і ўвесь расейскі фашызойдны палітычны клас у 2014 годзе быў на піку эйфарыі. «Расейскі свет», «Уз'яднанне разлучанай нацыі», «Наваросія» з 12 абласцей, далей - усюды, пагроза Балтыі...» - заявіў Піянткоўскі.
«Тады яны думалі пра гэта зусім сур'ёзна. І Пуціну здавалася, што ён знайшоў залатую жылу вечнага праўлення, што ён на алтар сваёй улады будзе прыносіць захопленаму народу ўсё новыя і новыя слаўныя перамогі. Але вельмі хутка ён зразумеў, што гэта немагчыма», - дадаў ён.
Наступныя падзеі, на думку палітолага, паказалі, што ўкраінцаў не натхніла ідэя «расейскага свету».
«А ваенная аперацыя ў Сірыі, закліканая адцягнуць увагу ад гэтай «метафізічнай паразы», таксама не была пераможнай», - сказаў Піянткоўскі.
З ягоных ацэнак, «Захад не дазволіць Пуціну больш нічога, ніякіх больш слаўных перамог не будзе». Разумеючы гэта, кіраўнік Крамля «будзе прадаваць іншую мадэль - оруэлаўскую вечную вайну, вечнае балансаванне на мяжы вайны ў абложанай цытадэлі - ён будзе сядзець у абложанай цытадэлі, з гнілой эканомікай і палохаць усіх адтуль сваёй ядзернай дубінкай», - выказаў меркаванне палітолаг.
І дадаў: «Калі казаць пра ўкраінскія справы - не палезе ён ні на Марыупаль, ні тым больш на Кіеў, разумеючы, што рэакцыя Захаду - шматпланавая, і ваенная, і эканамічная, і якая заўгодна - будзе проста згубнай для ягонай улады».