BE RU EN

Навукоўцы: За сто гадоў Сахара вырасла на чатыры Беларусі

Субтрапічныя пустыні будуць прасоўвацца на поўнач.

Плошча пустыні Сахара з 1920 года павялічылася прыкладна на 10% - новая тэрыторыя ў чатыры разы большая за Беларусь. Навуковая праца пра рост пустыні апублікаваная ў часопісе Journal of Climate, коратка пра яе расказвае сайт Мэрылендскага ўніверсітэта.

Звычайна пустыняй называюць тэрыторыю, на якой выпадае менш за 100 міліметраў ападкаў за год ці менш. У залежнасці ад сезону плошча Сахары мяняецца: сухой зімой яна большая, а вільготным летам - меншая.

У новай працы даследнікі прааналізавалі звесткі аб ападках, зарэгістраваных ва ўсёй Афрыцы з 1920 да 2013 года. Высветлілася, што без уліку сезонных ваганняў Сахара павялічылася як мінімум на 10 адсоткаў, гэта значыць, на 847 000 квадратных кіламетраў.

Для параўнання: плошча Беларусі складае 207 595 квадратных кіламетраў. Гэта значыць, што плошча, якой «прырасла» пустыня, больш чым у чатыры разы перавышае плошчу нашай краіны.

Звычайна пустыні ў субтропіках утвараюцца праз ячэйкі Хэдлі - з'явы, пры якіх паветра падымаецца на экватары і апускаецца ў субтропіках. Навукоўцы мяркуюць, што гэтая з'ява ўзмацняецца праз змену клімату, таму субтрапічныя пустыні могуць прасоўвацца на поўнач.

Аднак распаўсюджванне Сахары на поўдзень мяркуе, што на яе паўплывала таксама паўночнаатлантычная асцыляцыя - ваганні тэмператур марской паверхні на поўначы Атлантычнага акіяна.

На думку даследчыкаў, прыродныя прычыны - ціхаакіянская дэкадная асцыляцыя і паўночнаатлантычная асцыляцыя - сталі прычынай прыкладна дзвюх трэцяў пашырэння пустыні. Астатнюю трэць навукоўцы называюць вынікам дзейнасці чалавека.

Апошнія навіны