BE RU EN

Дэпутаты бундэстага наведалі ў турме Пучдэмона

Візіт арганізавалі прадстаўнікі левай партыі нямецкага парламента.

Дэпутаты нямецкай партыі "Левыя" Дытэр Дэм і Цаклін Насціч наведалі ў нядзелю ў турме горада Ноймюнстэр былога кіраўніка каталонскага ўрада Карлес Пучдэмона.

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.

Насціч пасля візіту паведаміла, што экс-кіраўнік урада Каталоніі быў у добрым гуморы. Партыя "Левыя" - адзіная палітычная сіла ў Нямеччыне, адкрыта выступае супраць экстрадыцыі Пучдэмона ў Гішпанію.

Насціч таксама ўзгадала пра нямецка-каталонскія дачыненні падчас нацысцкага рэжыму. Яна нагадала, што прэзідэнт каталонскай дзяржавы, якая некаторы час існавала падчас грамадзянскай вайны ў Гішпаніі, быў арыштаваны гестапа падчас выгнання на тэрыторыі акупаванай Францыі, а затым экстрадаваны нямецкімі чыноўнікамі ў Гішпанію, дзе ён быў пакараны смерцю рэжымам дыктатара Франка.

"У святле гэтай падзеі нямецкі ўрад не павінен ставіць сябе на бок самадзяржаўнага рэжыму (гішпанскага прэм'ер-міністра. - Рэд.) Рахоя", - напісала яна ў сваім блогу пасля візіту.

Нагадаем, экс-кіраўніка ўрада Каталоніі Карлеса Пучдэмона затрымалі 25 сакавіка на тэрыторыі Нямеччыны недалёка ад мяжы з Даніяй на падставе еўрапейскага ордэру на арышт.

У Гішпаніі Пучдэмону выстаўленыя абвінавачанні ў арганізацыі паўстання і марнатраўстве дзяржаўных сродкаў, паводле першага абвінавачвання яму пагражае да 30 гадоў турэмнага зняволення.

Нямецкі суд пакінуў Пучдэмона пад вартай да вынясення пастановы аб ягонай экстрадыцыі.

Апошнія навіны