Незалежная журналістка з Бярозы шукае праўды ў ААН
- 2.04.2018, 12:37
Камітэт ААН прыняў да разгляду зварот журналісткі Тамары Шчапёткінай.
Бярозаўская незалежная журналістка - фрылансерка Тамара Шчапёткіна атрымала з Жэневы паведамленне Камітэта правоў чалавека ААН аб рэгістрацыі ейнай індывідуальнай скаргі BLR (264) 3150/2018, піша «Гомельская Вясна».
Цяпер беларускаму ўраду давядзецца шукаць адказ на пытанне, чаму за інтэрв'ю з загадчыкам аптэкі, якое прагучала на радыё «Рацыя» ўлада пакарала фрылансерку вялікім штрафам.
15 лістапада 2017 года суддзя суда Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці Алена Нямкова прызнала журналістку вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і аштрафавала на суму, эквівалентную 250 еўраў. Спроба «знайсці праўду» ў вышэйшым судзе поспеху не прынесла - 14 снежня мінулага года суддзя Берасцейскага абласнога суда Мікалай Сянько падтрымаў раённую суддзю.
«Мяне каторым разам прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі, на «Радыё Рацыя». Абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 22.9 ч. 2 «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», але журналіст прадукцыі СМІ не вырабляе і не пашырае. Гэтым займаецца рэдакцыя. Толькі рэдакцыя можа дапусціць парушэнне вырабу прадукцыі СМІ, а ніяк не журналіст», - абураецца Тамара Шчапёткіна.
Гомельскі праваабаронца, юрыст БАЖ Леанід Судаленка, які дапамагае журналістцы весці справу на міжнародным узроўні, адзначае, што справа журналісткі выявіла шэраг супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства міжнародным дамовам Беларусі.
«Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі. Наш жа нацыянальны закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае самую сутнасць гэтага права. - Я ўпэўнены, што ў гэтай справе будуць устаноўленыя гэтыя парушэнні правоў журналісткі», - адзначыў экспэрт.
Згодна правілаў Камітэта правоў чалавека АНН, пасля рэгістрацыі скарга накіроўваецца ўраду, які цягам 180 дзён павінна выказаць наконт яе сваю пазіцыю.