Латыніна пра пажар у Кемераве: Расея - як Амерыка 1908 года
- 2.04.2018, 12:22
Расеі лепш канкураваць не з ЗША, а з Парагваем і Гватэмалай.
Пажар у гандлёвым цэнтры расейскага горада Кемерава непараўнальны з пажарамі ў ЗША, з якімі РФ спрабуе "цягацца" ў велічы. Такое меркаванне ў эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы" выказала расейская публіцыстка Юлія Латыніна.
"Як у ЗША з пажарамі? Ці ёсць у іх буйныя пажары такога кшталту? Адказ: так, менавіта такога кшталту папросту. Вось страшны амерыканскі пажар у школе Collinwood: 172 навучэнцы. Тая ж гісторыя: будынак ператварыўся ў гіганцкую домну. І ў Чыкага згарэў тэатр "Іракез": 602 чалавекі згарэла. Тэатр быў набіты бітком, выхады зачыненыя. Толькі маленькая праблема: пажар у тэатры быў у 1903 годзе, а ў школе Collinwood - у 1908 годзе, а з тых часоў там такога не адбывалася. Атрымліваецца, мы як Амерыка 1908 года", - заявіла яна.
Са слоў Латынінай, пра тое, што Расея "падолее Амерыку", гавораць на тэлевізіі, "якую больш ніхто не глядзіць".
"А ў нас лад жыцця як Амерыцы? Так Амерыка была ўладкаваная стагоддзе таму. А цяпер мы ўладкаваныя як Парагвай, Індыя і Гватэмала", - падагульніла публіцыстка.
Пажар у чатырохпавярховым гандлёвым цэнтры "Зімовая вішня" ў Кемераве адбыўся 25 сакавіка. Згодна з заявай мясцовых уладаў, узгаранне ўзнікла ў дзіцячым батутным пакоі.
Са звестак міністэрства надзвычайных сітуацый РФ, у выніку здарэння загінула 64 чалавекі. Са слоў сваякоў, ахвярай трагедыі стала 41 дзіця.