Навукоўцы: Наведванне канцэртаў можа падоўжыць жыццё
- 2.04.2018, 12:12
Усяго 20 хвілін жывога шоў павялічвае «адчуванне дабрабыту».
Паводле нядаўняга даследавання, праведзенага брытанскім забаўляльным цэнтрам O2 і асацыяваным лектарам Універсітэта Голдсмітам Патрыкам Фаганам, рэгулярнае наведванне канцэртаў можа павялічыць вашу працягласць жыцця прыкладна на дзевяць гадоў.
Акрамя таго, піша Popsugar (пераклад - nv.ua), вынікі даследавання таксама паказалі, што ўсяго 20 хвілін жывога шоў павялічвае «адчуванне дабрабыту» на 21%. Гэта ўдвая больш, чым дае ўздзеянне ёгі (павелічэнне на 10%) і ўтрая больш, чым эфект ад шпацыру з сабакам (7%).
У даследаванні параўноўваліся псіхаметрычныя і сардэчныя паказчыкі, знятыя пасля канцэртаў, ёгі і выгулу сабакі. Агулам, удзел у канцэртах быў значна больш карысным для здароўя, чым два іншыя мерапрыемствы.
«Адчуванне дабрабыту» вымяралася маркерамі шчасця, у тым ліку пачуццём уласнай годнасці, блізкасцю да іншых і разумовай стымуляцыі.
Даследнікі таксама адзначылі, што праслухоўванне музыкі ў адзіноце не дае таго ж эфекту. Досвед праслухоўвання жывой музыкі адначасова з іншымі людзьмі з'яўляецца ключом да стварэння станоўчых вынікаў.
Дадатковыя даследаванні, якія паказалі наўпроставую сувязь паміж высокім узроўнем адчування дабрабыту і доўгажыхарства, таксама пацвердзілі сувязь паміж наведваннямі канцэртаў і працягласцю жыцця.