BE RU EN

Прынцу Бэльгіі скарацілі «заробак»

Выплаты зменшылі за несанкцыянаваную дыпламатычную дзейнасць.

Парламент Бэльгіі прыняў пастанову скараціць выдаткі на ўтрыманне прынца Ларана праз ягоную несанкцыянаваную дыпламатычную дзейнасць.

Пра гэта паведамляе ВВС.

Прынц Ларан у мінулым годзе ў параднай форме марскога афіцэра наведаў амбасаду Кітая ў Брусэлі, каб адзначыць 90-годдзе Кітайскага народнага войска.

Прэм'ер-міністр Бэльгіі Шарль Мішэль папярэджваў прынца аб неабходнасці атрымліваць дазвол МЗС перад вядзенне якой-небудзь дыпламатычнай дзейнасці.

Мішэль прапанаваў скараціць штогадовае фінансаванне дзейнасці прынца на 15%, і дэпутаты падтрымалі гэтую пастанову. Да скарачэння бэльгійскі бюджэт выдаваў прынцу 307 тысяч еўраў, цяпер ён будзе атрымліваць на 46 тысяч еўраў менш.

54-гадовы прынц Ларан з'яўляецца малодшым братам караля Піліпэ. Перад галасаваннем ён даслаў эмацыйны ліст дэпутатам, у якім нагадаў, што ён, як сямейнік каралеўскай сям'і, не можа зарабляць на жыццё.

Ён назваў галасаванне "судом над маім жыццём". "Гэтыя выплаты, скарачэнне якіх абмяркоўваецца ў выніку палітычных ці медыйных плыняў - гэта кошт на жыццё, кошт майго жыцця", - напісаў ён.

Адвакат прынца раней заявіў, што ўрад не можа скарачаць выплаты, бо ў Ларана няма доступу да сацыяльнага забеспячэння або пенсіі, а таксама ён не мае права ўладкавацца на працу, якая аплачваецца.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі прынц праводзіць несанкцыянаваную дыпламатычную дзейнасць.

У кастрычніку 2016 гады ён сустрэўся з прэм'ер-міністрам Шры-Ланкі Ранілам Вікрамасінгхам, калі той наведаў Брусэль. Прынц ездзіў у Дэмакратычную Рэспубліку Конга ў 2011 годзе і сустрэўся з прэзідэнтам Жозэфам Кабілам, здзейсніў некалькі візітаў у Лібію, калі Муамар Кадафі знаходзіўся пры ўладзе.

Апошнія навіны