BE RU EN

Мянчанка: У 17 гадоў падзарабляла афіцыянткай, за два гады назбірала на вясельную сукенку

Беларуска распавяла пра свае першыя заробленыя грошы.

23-гадовая мянчанка Настасся распавяла tut.by пра першыя заробленыя грошы:

- Свае першыя грошы я зарабіла ў 13 гадоў. Некалькі гадоў да гэтага я наведвала розныя гурткі ў галерэі дзіцячай творчасці і чула пра тое, што летам падлеткам, якім ужо ёсць 14 гадоў, можна зарабіць. Больш за ўсё мне падабалася плесці з пацерак дрэвы і кветкі, а тут яшчэ за гэта грошы прапаноўваюць. Праблема была толькі ў тым, што 14 мне павінна было споўніцца толькі ў снежні, а думка пра першы заробак ужо трывала засела ў галаве. У галерэі мяне ўжо добра ведалі, таму мы дамовіліся, што аформім брата, які на 4 гады за мяне старэйшы, ну а працаваць буду я.

З гэтым звязаны асобны смешны момант. Для афармлення на працу патрэбная была медыцынская даведка. Брат усё прайшоў, але ў дзяцінстве ў яго была траўма шыі, якая забараняе цяжкія фізічныя нагрузкі. Увогуле, патэлефанавала яму медсястра ўдакладніць тып працы, якую ён будзе выконваць, і папярэдзіць, што, калі праца з цяжкімі фізічнымі нагрузкамі, то даведку не дадуць. У выніку, калі брат сказаў, што плесці з пацерак будзе, медсястра не ўтрымалася ад смеху. Брат сказаў, што з мяне шакаладка з заробку за 30 секунд ягонай ганьбы.

У выніку я зарабіла свае першыя 140 тысяч беларускіх рублёў. На той момант гэта было блізу 70 даляраў. Шчасцю не было мяжы, грошы я дадала да дня нараджэння на новы мабільны тэлефон.

Пасля гэта я старалася заўсёды знайсці нейкі заробак і ў 17 гадоў пачала працаваць афіцыянткай.

Тата быў супраць, нерваваўся, што вучоба ў каледжы зазнае праз гэта. Але мне вельмі хацелася атрымаць пасведчанне кіроўцы, таму маміна падтрымка і маё вялікае жаданне адыгралі сваю ролю. У выніку пасведчанне я дагэтуль не атрымала, тыя грошы паклала ў банк пад адсотак (блізу 400 даляраў), папаўняла перыядычна і ў 19 гадоў купіла сваю вясельную сукенку.

Бацькі аплацілі сам банкет з нашага боку, а ўсё астатняе я змагла аплаціць сама з заробленых грошай.

Праца не перашкодзіла скончыць каледж з сярэднім балам 9.0, паступіць завочна і паспяхова здаваць сесіі. Акрамя гэтага ранні досвед працы і правільная расстаноўка прыярытэтаў дала магчымасць у 20 гадоў вырасці з афіцыянткі ў бухгалтара. У 21 год я са спакойнай душой, што чагосьці дамаглася ў сваім узросце, сышла ў дэкрэт. Маёй дачцэ ўжо 2,1 года, і, я спадзяюся, што пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку змагу далей рэалізоўваць сябе на ўлюбёнай працы.

Апошнія навіны